Макей: Заклікі да эканамічных санкцый нясуць небяспеку для дзяржаўнасці Беларусі
Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў, што заклікі да эканамічных санкцый, якія гучаць ад апанентаў улады, з'яўляюцца вялікай небяспекай для дзяржаўнасці Беларусі.
— Гэтыя заклікі да эканамічных санкцый у маім разуменні не проста вялікая дурасць — гэта вялікая небяспека для дзяржаўнасці Беларусі ў цэлым. І калі нехта думае, што гэта прынясе карысць, то ён глыбока памыляецца. Вядома ж, мы будзем размаўляць з нашымі заходнімі партнёрамі ў гэтым плане. Мне здаецца, там існуе больш разумення адносна таго, ці варта ісці на падобныя меры — на ўвядзенне эканамічных санкцый супраць Беларусі. Але хачу сказаць: калі хто-небудзь хоча пажару ў гэтым рэгіёне, то мы, вядома ж, знойдзем, чым адказаць ініцыятарам падобнага роду крокаў. І вось тады ўжо горача будзе і вакол Беларусі, скажам так, — заявіў Макей у інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь 1», стэнаграма якога апублікавана на сайце МЗС.
Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства запэўніў, што сёння абмяркоўваюцца меры ў адказ Беларусі на гэтыя крокі.
— Калі, спадзяюся, што да гэтага не дойдзе, але калі камусьці захочацца распачаць крокі такога кшталту, то ў нас ёсць дастатковы набор сродкаў, які дазволіць нам адэкватна адрэагаваць на магчымыя эканамічныя рэстрыктыўныя меры ў дачыненні да Беларусі. Гэта і мэтазгоднасць і перспектывы нашага супрацоўніцтва з Еўрапейскай камісіяй і Еўрапейскім саюзам па пытаннях атамнай энергетыкі, па агульнай барацьбе з нелегальнай іміграцыяй, з трансгранічнай злачыннасцю, з кантрабандай наркотыкаў і гэтак далей і да таго падобнае. Мы цяпер працуем над дакументам у мытнай сферы, дзе маецца таксама шэраг значных пытанняў. Трэба паглядзець на гэта. Паглядзім на шэраг праграм у гуманітарнай сферы, які рэалізуецца тут замежнымі дзяржавамі і няўрадавымі арганізацыямі, і шэраг адукацыйных праграм. У цэлым набор сродкаў і метадаў досыць вялікі, але нам не хацелася б, яшчэ раз падкрэслю, звяртацца да гэтага. Спадзяюся, што здаровы сэнс возьме верх і ні ў кога не з'явіцца жаданне выбудоўваць новыя берлінскія сцены ў дадзенай сітуацыі, — сказаў Макей.
Міністр нагадаў, што на пачатковым этапе апазіцыя і члены Каардынацыйнай рады казалі пра тое, што выступаюць за ўзмацненне жорсткасці персанальных санкцый, але ні ў якай меры не за эканамічныя санкцыі.
— Да гэтага казалі, што паспрабуюць зрабіць так, каб не было дрэнна народу, звычайнаму чалавеку. Сёння ўжо пра гэты народ і звычайнага чалавека пачынаюць паступова забываць, — адзначыў Макей.
Да гэтага часу ў Еўрасаюзе падкрэслівалі, што не жадаюць уводзіць эканамічныя санкцыі, каб не прычыніць шкоду шараговым беларусам і народнай гаспадарцы краіны. Аднак жорсткасць беларускіх уладаў у дачыненні да пратэстоўцаў і гібель Рамана Бандарэнкі заахвоцілі ЕС змяніць свой падыход.
Цяпер абмяркоўваюцца кропкавыя санкцыі супраць канкрэтных беларускіх кампаній, так званых спонсараў дзеючага рэжыму. Еўрапейскім кампаніям і фізічным асобам забароняць мець сувязі з беларускімі фірмамі з чорнага спісу. З імі нельга будзе ні гандляваць, ні заключаць здзелкі, ні інвеставаць у іх.
tut.by