Дарадца Ціханоўскай: «На што здольныя ўлады? Не вырашаць праблему, а толькі паглыбляць яе»

Эканаміст Алесь Аляхновіч, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах, расказвае Радыё Свабода, чаму і ў Еўропе, і ў Беларусі змянілася думка пра неабходнасць эканамічных санкцый, і тлумачыць, чым пагражае адключэнне краіны ад сістэмы SWIFT.

Алесь Аляхновіч

Алесь Аляхновіч


— Якая пазіцыя каманды Святланы Ціханоўскай і ваша асабістая наконт магчымасці ўвядзення эканамічных санкцый супраць беларускага рэжыму? У якіх сферах вы лічыце неабходнымі гэтыя санкцыі, у якіх маштабах? Ці павінны яны тычыцца толькі прадпрыемстваў, непасрэдна звязаных з рэжымам, ці яны павінны быць шырэйшыя, структурныя?

— Нелегітымны рэжым, які сёння захапіў уладу ў Беларусі, вядзе, па сутнасці, акупацыйную палітыку. Маштаб рэпрэсій супраць мірных грамадзян проста зашкальвае. Мы ўсе, у тым ліку штаб Святланы Ціханоўскай, мусім бараніць свой народ ад рэпрэсій. Зразумела, рэжым мае манаполію на выкарыстанне ўзброенай сілы ў краіне, мы не можам супрацьстаяць АМАПу, спецназу ці войску.

Таму мы шукаем іншыя механізмы легальнага ціску на рэжым. Дзеля таго, каб дамагчыся тых чатырох патрабаванняў, якія агучваюць удзельнікі пратэстаў, страйкамы, шырокая грамадскасць — спыніць рэпрэсіі, вызваліць палітвязняў, пакараць злачынцаў, правесці новыя свабодныя выбары.

Міжнародныя эканамічныя санкцыі, пра якія вы запыталіся, — гэта толькі адзін з элементаў ціску. Ёсць яшчэ ўнутраныя санкцыі — напрыклад, адмова ад набыцця тавараў і паслугаў тых прадпрыемстваў, якія падтрымліваюць рэжым. Гэта і персанальныя санкцыі супраць тых, хто фальсіфікаваў выбары, рэктараў, якія звальнялі студэнтаў з палітычных матываў, дырэктараў дзяржаўных прадпрыемстваў, якія звальнялі сваіх супрацоўнікаў з палітычных матываў, кіраўнікоў сілавых структур, ідэолагаў, супрацоўнікаў дзяржаўнай прапаганды, якія хлусяць і распальваюць варажнечу. Гэта і страйкі на прадпрыемствах, інфармацыйныя кампаніі.

Але мы маем і пазітыўны парадак дня, мы не толькі працуем над ціскам на рэжым, але і ствараем праграмы падтрымкі для пацярпелых, і праграмы эканамічнай падтрымкі для дэмакратычнай Беларусі, якія пачнуць дзейнічаць адразу пасля вырашэння палітычнага крызісу.

— Доўгія гады пытанне эканамічных санкцый успрымалася нават сярод апазіцыйных палітыкаў і аналітыкаў вельмі неадназначна. Гаварылася пра тое, што санкцыі могуць прынесці шкоду не толькі набліжаным да ўлады бізнесоўцам, але і звычайным людзям. Ці змянілася цяпер гэтая логіка, ці ёсць цяпер пэўная еднасць у стаўленні да гэтай тэмы?

— Сапраўды, нават у мяне думка была іншая яшчэ 10 і 5 гадоў таму. Аднак сітуацыя змянілася, і цяпер усё больш разумення, што трэба супрацьдзейнічаць уладзе, у тым ліку праз сродкі эканамічных санкцый. Па-першае, таму, што ўзровень і масавасць рэпрэсій непараўнальныя ні з чым, што было раней — здзекі, катаванні, забойствы. Акрамя гэтага, улады самі знішчаюць беларускую эканоміку, зачыняюць малыя бізнесы, якія далучыліся да агульнанацыянальнага страйку 26 кастрычніка. Частка бізнесаў і грамадзянаў вымушаныя эміграваць.

Таму думкі экспертаў і палітыкаў цяпер кансалідаваліся вакол таго, што санкцыі супраць рэжыму патрэбныя. Пытанне ў тым, як найбольш эфектыўна і правільна гэта зрабіць, каб мінімізаваць наступствы для людзей.

Моцным штуршком, які змяніў думку многіх палітыкаў на Захадзе, стала забойства Рамана Бандарэнкі. Пасля гэтага забойства і ў цэлым за апошні час вельмі шмат беларусаў заклікаюць да ўвядзення эканамічных санкцый супраць рэжыму — раней такога не было.

— А ці не выказваецца адваротная думка — што ўвядзенне сапраўдных эканамічных санкцый можа яшчэ больш азлобіць рэжым?

— Ужо ўзровень рэпрэсій настолькі высокі, што цяжка ўявіць, што азначае «азлабленне». Масавае выкарыстанне зброі супраць людзей? Мне цяжка ўявіць, што рэпрэсіі можна павялічыць, у параўнанні з тым, што ёсць, калі ўлады цягам дня могуць затрымаць звыш тысячы чалавек.

Трэба разумець, што разгортванне санкцый — гэта паступовы і пакрокавы працэс. Спачатку ідзе непрызнанне ўлады, яе легітымнасці. Мы гэты этап прайшлі, большасць краін Еўропы, ЗША, Канада не прызналі легітымнасць дзейнай улады. Наступны этап — персанальныя санкцыі супраць асобных чыноўнікаў, гэта таксама ўжо ёсць. Трэці этап — гэта ўжо кропкавыя эканамічныя санкцыі, у тым ліку замарожванне супрацы з дзяржаўнымі прадпрыемствамі, замарожванне рахункаў гэтых прадпрыемстваў за мяжой.

Мы толькі пачынаем гэты трэці этап. Еўракамісія цяпер дэталізуе пакет эканамічных санкцый, гэты працэс працягваецца. Калі рэпрэсіі будуць працягвацца, а кропкавыя эканамічныя санкцыі не будуць даваць вынікаў, то магчымы пераход да больш глабальных санкцый, паўсектаральных — напрыклад, забарона фінансавання дзяржаўных банкаў, альбо нават сектаральныя (адключэнне Беларусі ад сістэмы SWIFT).

belarus_1_1.jpg


— Часам кажуць, што Захад можа вельмі хутка абваліць беларускую эканоміку, калі перастане, напрыклад, купляць беларускія нафтапрадукты. Гэта сапраўды быў бы абвал беларускага бюджэту працэнтаў на 30, не менш. Ці можа дайсці да такога?

— Экспарт нафты і нафтапрадуктаў з Беларусі ў 2019 годзе склаў амаль 6 мільярдаў долараў, і збольшага гэта экспарт у краіны ці праз краіны Еўрасаюза. Таму, сапраўды, нават адзін такі санкцыйны крок вельмі моцна і хутка ўдарыў бы па эканоміцы. Бо Беларусь не можа эфектыўна перанакіраваць гэтыя плыні некуды ў іншыя рэгіёны. І я думаю, што пагроза такіх санкцыяў магла б змяніць рэпрэсіўную палітыку рэжыму ўнутры Беларусі.

— Аднак ці можа пагроза рэальных эканамічных санкцый спыніць рэпрэсіі ў Беларусі? Дасюль Мінск, здаецца, проста не верыць, што Захад можа пайсці на рэальныя эканамічныя, а не толькі персанальныя санкцыі.

— Раней у дачыненні да Беларусі эканамічных санкцый з боку ЕС, па сутнасці, не было. Цяпер сітуацыя іншая. У краінах Еўрасаюза ёсць кансэнсус наконт таго, што неабходна рэагаваць на тую акупацыйную палітыку, якую праводзіць рэжым у Беларусі. Еўрасаюз ужо заявіў пра трэці пакет санкцый, пры гэтым падкрэсліўшы, што больш ніводзін еўра не трапіць беларускім дзяржаўным органам улады.

А гэта даволі вялікія сумы. У 2019 годзе Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця і Еўрапейскі інвестыцыйны банк рэалізавалі альбо пачалі рэалізацыю ў Беларусі праектаў на 800 мільёнаў долараў. Напрыклад, на мадэрнізацыю дарожнай інфраструктуры, гарадскіх ачышчальных станцыяў, энергетычныя і экалагічныя праекты. Гэта праекты доўгатэрміновыя, якія сапраўды спрыяюць паляпшэнню жыцця беларусаў. Каля 30 мільёнаў еўра складала грантавая (бязвыплатная) дапамога Беларусі з боку Еўракамісіі. Цяпер гэтых грошай не будзе. Таму гэты эканамічны ціск ужо адчувальны. І калі рэпрэсіі ў Беларусі будуць працягвацца, то эканамічныя санкцыі будуць пашырацца і паглыбляцца.

— Асобныя дыскусіі выклікае ідэя з адключэннем Беларусі ад банкаўскай сістэмы SWIFT. Нават некаторыя самыя апазіцыйныя да рэжыму людзі выказваюць нязгоду з гэтай ідэяй. Патлумачце, што гэтае адключэнне можа азначаць на практыцы?

— SWIFT — гэта найбольш папулярная сістэма міжнародных аплат. Яе адключэнне вяло б да блакады розных міжнародных пераводаў, і па імпарце-экспарце, і па прыватных тратах грамадзянаў. Гэта вельмі сур’ёзна, і ў міжнароднай практыцы здараецца вельмі рэдка. У свеце гэта адбылося з Іранам і Паўночнай Карэяй. Для Беларусі гэта вельмі далёкая перспектыва, я б не сказаў, што гэта пытанне найбліжэйшага часу.

Адключэнне SWIFT — гэта як ядзерная бомба ў банкаўскай сферы. Гэта можа выкарыстоўвацца ў самую апошнюю чаргу, калі ўсе іншыя механізмы ўжо не працуюць. Маю на ўвазе, што калі беларускі рэжым яшчэ ўзмоцніць рэпрэсіі, то нельга выключыць і такі крок. Гэта павінна заставацца як пагроза для рэжыму і як абарона для беларускага грамадства. Бо тая самая ядзерная зброя для многіх краінаў — не для таго, каб яе выкарыстоўваць, а для таго, каб яе ніхто не змог прымяніць. Таму пагроза адключэння Беларусі ад SWIFT — у пэўным сэнсе такая абарона.

images_cms_image_000000746_1.jpg


— Рэакцыя Уладзіміра Макея паказала, што прынамсі ён разумее небяспеку санкцый і маштабы магчымай пагрозы. Макей прыгразіў у адказ спыніць супрацоўніцтва з Захадам у некаторых сферах, найперш у сферах правоў чалавека, міграцыі, памежнага супрацоўніцтва. Як вы ацэніце гэтую рэакцыю?

— Нелегітымны кіраўнік Беларусі нядаўна казаў, што ён пакажа Літве і Польшчы, што значаць беларускія санкцыі. І што? Былі зачыненыя межы для беларускіх (і замежных) грамадзян, а таксама для грузавікоў. Каму гэта прынесла страты? Перадусім самім беларусам. А вось перанакіравання патокаў экспарту калійных угнаенняў і нафтапрадуктаў у расійскія парты так і не адбылося. Спадар Макей заявіў, што афіцыйны Мінск перагледзіць, сярод іншага, адукацыйныя і гуманітарныя праекты, якія рэалізуюцца ў Беларусі. Гэта нагадвае показку «На злосць маці адмарожу сабе вушы».

Гэта тое, на што здольныя ўлады. Не вырашаць праблему, а толькі паглыбляць яе, наносячы яшчэ большую шкоду эканоміцы і грамадству. Памер беларускай эканомікі і магчымасці рэакцыі рэжыму на санкцыі з боку дэмакратычных краін непараўнальныя. У дадзеным выпадку гэта пустая пагроза, якая можа прынесці страты выключна самому рэжыму і ўсёй Беларусі.