«Яндэкс.Маркет» спыніў дастаўку тавараў у Беларусь

Расійскія анлайн-крамы заклапочаныя рызыкай падвойнага падаткаабкладання ў Беларусі.

7fbae26fe69780b4a7c948e0a718dfe9.jpg


Змены ў беларускім заканадаўстве могуць прывесці да мільённых страт гандлёвымі пляцоўкамі кшталту «Wildberries» і «Ozon», з тавараў якіх налета пачнуць спаганяць ПДВ. Бізнесмены Расіі звярнуліся да свайго прэм’ер-міністра Міхаіла Мішусціна, каб той пасадзейнічаў вырашэнню праблемы з беларускім рынкам.

Як піша «Радыё Свабода» са спасылкай на расійскую газету «Коммерсантъ», Беларусь ад 1 ліпеня 2022 года збіраецца ўвесці ПДВ пры электронным продажы тавараў. Навацыі прадугледжаныя праектам паправак у Падатковы кодэкс для замежных кампаній. Мяркуецца, што гэта дазволіць папоўніць бюджэт на 40 млн. рублёў за год.

Змена закране не толькі буйныя міжнародныя інтэрнет-пляцоўкі кшталту «AliExpress», але і кампаніі з Расіі. Там дадатковую падатковую нагрузку ацэньваюць у 3,8 млрд. расійскіх рублёў (каля 50 млн. долараў).

Паводле звестак «Коммерсанта», пытаннем ужо займаецца Міністэрства эканомікі Расіі. Ведамства паведаміла ў Еўразійскую эканамічную камісію «аб недапушчальнасці стварэння бар’ераў», бо сітуацыя «ўступае ў супярэчнасць з правам ЕАЭС».

Тым часам беларускія карыстальнікі маркетплейсу «Яндэкс.Маркет» паведамляюць, што не могуць замовіць тавары. У службе падтрымкі патлумачылі, што «пакуль не займаюцца дастаўкай тавараў у Беларусь».

У «Lamoda» журналістам пацвердзілі «вельмі вострую сітуацыю», а ў «Wildberries» запэўнілі, што ў рамках міжведамасных камісій «прапрацоўваюць варыянты вырашэння праблемы».