Як назбіраць на пенсію?

Галоўнай падзеяй тыдня, безумоўна, застаецца тое, што Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ пра паступовае павышэнне пенсійнага ўзросту. Вырашылі ўсё літаральна за месяц.

pens.jpg


Шматлікія эканамісты рэзка раскрытыкавалі такое рашэнне. І не таму, што з народам, насуперак абяцанкам, ніхто не раіўся. А таму, што структура рынка працы ў нас такая. Раней прадпрыемствы, як маглі, пазбаўляліся пенсіянераў — нават тых, хто хацеў працаваць. За гэты кошт вызваляліся працоўныя месцы для больш актыўнай і прадукцыйнай у сэнсе працы моладзі. Зараз пенсіянераў проста так не выганіш.
А гэта значыць, што прадукцыйнасць працы зменшыцца. «Стары конь баразны не сапсуе», вырашылі ва ўладных колах. Але забыліся на працяг прымаўкі: «Але і глыбока не ўзарэ».
Безумоўна, нагрузка на пенсійны фонд краіны паменшыцца. Але паменшыцца яна за кошт дадатковай нагрузкі на прадпрыемствы, якія і так дыхаюць на ладан. Бо на кожнага «працуючага пенсіянера» працадаўца будзе адлічваць грошы ў той жа самы фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.
Як кампенсацыю, урад абяцае стварыць 50 тысяч новых працоўных месцаў у год. Выбачайце, гэтыя планы — смеху вартыя. Як адзначыў эканаміст Леанід Заіка, зараз, згодна з Белстатам, у краіне 4,5 мільёна «эканамічна актыўнага насельніцтва». Новыя 50 тысяч працоўных месцаў — гэта каля 1%. Па тых жа дадзеных Белстата, за 2015 год толькі адных будаўнікоў звольнена з працы 92 тысячы чалавек. А калі паглядзець на памесячную статыстыку, то за мінулы год кожны месяц звальнялася прыкладна на 10 тысяч чалавек больш, чым прымалася на працу. Выключэнне склалі толькі летнія месяцы і верасень, дзе гэтая розніца на карысць звальненняў была ад трох да пяці тысяч чалавек. Што, зразумела, тлумачыцца летнімі адпачынкамі, падчас якіх чалавека не звальняюць.
Такім чынам, за год звальняецца каля 100 тысяч чалавек, а новых працоўных месцаў урад абяцае напалову менш.
Пра сацыяльны складнік гэтага рашэння мы ўжо не кажам. Згодна з тым жа Белстатам, сярэдняя працягласць жыцця мужчын у сінявокай — 67,8 года. Прычым, гэтая лічба на 2014-ы. З 1995-га па 2006-ы — 62–63 гады, з 2007-га па 2011-ы — 64 гады. Гэта значыць, што большасць мужчын ледзьве дацягнуць да пенсіі. Плюс абвостраныя Чарнобылем захворванні, плюс «сацыяльныя хваробы», як алкагалізм і наркаманія…
Такім чынам, павелічэнне пенсійнага ўзросту, як гэта ні дзіўна гучыць, правакуе беспрацоўе і ставіць у складаныя ўмовы беларускія прадпрыемствы. Паступовасць жа росту пенсійнага ўзроўню — на шэсць месяцаў раз на паўгода — зніжае эфект ад такой «рэформы». Зразумела ж, «рэформа» будзе ў двукоссі, бо пра сапраўднае рэфармаванне пенсійнай сістэмы — хаця б увядзенне назапашвальнай пенсіі, не кажучы ўжо пра развіццё альтэрнатыўных пенсійных фондаў і пенсійнае страхаванне — ніхто пакуль што не нічога не пачуў.
Але не пачуў — гэта не значыць, што дзяржава на гэты конт нічога не робіць. Робіць, і яшчэ як! З 14 красавіка набыў моц указ №40, які змяняе правілы правозу тавараў з-за мяжы для грамадзян Беларусі. Гэтая норма знакамітая пад лозунгам «22 еўра — пасылка, 300 — увоз».

vilnia_wakzal130527.jpg


Нагадваем: раз на тры месяцы вы маеце права ўвесці тавараў для асабістага карыстання на 1 500 еўра. Не выкідвайце чэкі з крамаў — па іх мытнікі будуць спраўджваць кошт набытага! А калі не, то яны ацэняць набытае самі — здагадайцеся, на чыю карысць? Калі вы адзін раз правезлі на 1 500 еўра, то наступным разам не перавышайце ліміт у 300 еўра, пакуль тры месяцы не скончацца. А калі ў першы раз нічога не прывезлі? Мытню гэта не хвалюе. Калі выехалі, значыць нешта ўвезлі. Ваш ліміт у 1 500 еўра «згарэў».Такім чынам, на думку ўладаў, грамадзяне будуць менш ездзіць на шопінг за мяжу, і, такім чынам, больш адкладаць грошай на сваю пенсію. Нармальнае рашэнне пенсійнага пытання?
Не зусім, таму што, па-першае, наш народ вельмі не любіць, калі ў яго нешта «згарае». Таму па максімуме будзе скарыстоўваць першы візіт у тры месяцы, што прывядзе да месячных «скачкоў» вывазу валюты. А па-другое, народ перастане ездзіць, а будзе лётаць. Бо, як ні дзіўна, паветранае злучэнне мытня не ўлічвае. Можна адзін раз з’ездзіць, і набраць рэчаў на 1 500 еўра, а можна разок злятаць, і набраць рэчаў коштам да 10 тысяч еўра. У аэрапорце вас пісаць дэкларацыю не прымусяць.
Таму чакаем лаўкостаў «Мінск — Вільня», «Гродна — Варшава» і «Гомель — Смаленск». Вы думаеце, гэта неверагодна? Якраз наадварот. Вы не паверыце, але ў «Белавіа» ёсць нават рэйс працягласцю ў 300 кіламетраў: «Мінск — Гомель» на самалётах Ту-154 і CRJ. Таму арганізаваць «шопінг-палёты», калі будзе жаданне авіякампаніі, — дробязная справа. А вось на такіх квітках зарабіць можна дастаткова.
Ну і яшчэ цікавая навіна. Мінулым разам я пісаў пра планы ўрада знізіць інфляцыю ў 2020 годзе да 5% гадавых. На гэты год інфляцыя запланаваная ў памеры 12%. Як паведамляе той жа Белстат, ужо ў сакавіку (то бок, за тры месяцы) інфляцыйны паказчык дасягнуў амаль паловы гадавой сумы — 5,7%. А ў нас жа наперадзе яшчэ дэнамінацыя і грашовая рэформа.
Дый павелічэнне камуналкі ніхто не адмяняў. Прынамсі, Мінгарвыканкам сваім рашэннем павысіў фіксаваныя тарыфы на водазабеспячэнне і водаадвядзенне, якія забяспечваюць поўнае пакрыццё насельніцтвам эканамічна абгрунтаваных затрат на іх аказанне, — у сярэднім на 25%.
Пры такім раскладзе і пра 12% інфляцыі казаць цяжкавата.