Урадавае фэнтэзі
Трэба ўводзіць новы літаратурны жанр для планаў урада па аздараўленні беларускай эканомікі, праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця, бюджэтаў краіны. А што? Ёсць фантастыка навуковая, ненавуковая (фэнтэзі), касмічная фантастыка. А ў нас будзе тое, чаго няма ў свеце, — фантастыка бюракратычная.
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ухвалілі 5 красавіка праграму
дзейнасці ўрада на 2016–2020 гады, прадстаўленую прэм'ер-міністрам Андрэем
Кабяковым. Гэты дакумент, як паведаміў прэм’ер, грунтуецца на перадвыбарчай
праграме Аляксандра Лукашэнкі і ўтрымлівае шэраг прыярытэтных задач, «якія да
канца пяцігодкі павінны забяспечыць якасны рост дабрабыту людзей».
Ужо з гэтага можна казаць пра «літаратурны жанр» праграмы дзейнасці ўрада. Узяць хаця б абяцанне да 2020 года наладзіць у Беларусі сетку сувязі 5G, якая ў самых развітых краінах яшчэ не выйшла са стадыі эксперыменту. На гэтых фантастычных паказчыках урад напісаў яшчэ больш фантастычную праграму.
Нам, крытыкам праграмы, Кабякоў адразу паведаміў, што яна рыхтавалася ва ўмовах высокай нявызначанасці геапалітыкі, сыравінных рынкаў і іншых эканамічных фактараў: «Сёння ніхто ў свеце не можа дакладна сказаць, як будуць развівацца падзеі, да якога ўзроўню дойдзе эскалацыя канфліктаў, як гэта паўплывае на сыравінныя і фінансавыя рынкі». То бок, калі не спраўдзіцца — не крыўдуйце. Паўсюль нявызначанасць, і зноў «знешнія фактары» перашкодзілі беларускаму народу жыць, як пры камунізме.
Паводле прагнозаў ураду да 2020 года, інфляцыю плануецца знізіць да 5%, а золатавалютныя рэзервы (ЗВР) будуць фарміравацца без прыцягнення знешніх даўгоў. Да канца пяцігодкі аб'ёму ЗВР павінны дасягнуць памеру не менш як трохмесячнага аб'ёму імпарту. У гэты ж тэрмін урад плануе забеспячэнне бездаўгавога фінансавання плацежнага балансу краіны.
Якім жа чынам дасягнуць такіх паказчыкаў? Кабякоў прызнаўся — не ведае. Праўда, аформіў ён гэта ў выраз: «Адзінага рэцэпта для ўсіх прадпрыемстваў не існуе». Праўда, з іншых яго слоў гэтае выйсце праглядаецца — замест «сацыяльнай дзяржавы для народа» будаваць паўнавартасны капіталізм.
«Што будзе з тымі, хто зводзіць канцы з канцамі, зразумела: зніжэнне выдаткаў, скарачэнне ўсіх невытворчых расходаў, аптымізацыя закупак сыравіны і матэрыялаў, — паведаміў кіраўнік урада пра планы наконт беларускай прамысловасці. — Сумесна з Нацыянальным банкам працягнем практыку разгляду ў ручным рэжыме пытанняў праблемных прадпрыемстваў. Калі яны не прапануюць рэцэптаў, як аптымізаваць патокі, то мы не знойдзем іншага выйсця, акрамя як пайсці на іх банкруцтва».
Што значыць «скарачэнне невытворчых расходаў»? Зняцце з балансу прадпрыемстваў аб’ектаў сацыяльнай сферы: дзіцячых садкоў, розных дамоў культуры, спартовых аб’ектаў — таго, што Аляксандр Рыгоравіч нават пры прыватызацыі прадпрыемстваў усімі сіламі імкнуўся захаваць. А калі сацыяльныя аб’екты будуць знятыя з балансу, яны павінны выжываць самі, — то бок, плаціць за іх мы будзем напоўніцу. Вось вам і канец «сацыяльнай дзяржавы».
Другі момант: якія прадпрыемствы ў нас праблемныя? Ды ўсе! Узгадайце, колькі «флагманаў беларускай індустрыі» ў мінулым годзе пераходзілі на «трохдзёнку», «чатырохдзёнку», адпраўлялі сваіх працоўных у «вымушаныя адпачынкі»? Значыць, прамысловасць банкрутуе амаль поўнасцю. За іх банкруцтвам — прыватызацыя.
Аналагічны лёс напаткае і сельскую гаспадарку, у якую за апошняе дзесяцігоддзе мы ўклалі каля паўсотні мільярдаў долараў. Гэтыя грошы закапаныя і знішчаныя, прызнаўся Кабякоў. Па яго словах, пастаянная дзяржпадтрымка сельгаспрадпрыемстваў, у тым ліку шляхам выдзялення льготных крэдытаў, не прыводзіць да іх фінансавага аздараўлення, «а, хутчэй, наадварот, прывучае да невыканання абавязацельстваў і з’яўлення запазычанасці».
Таму падрыхтаваны праект указа па сістэмнай падтрымцы і аздараўленні сельгаспрадпрыемстваў. «Для фінансава безнадзейных арганізацый прадугледжваецца спрошчаны парадак перадачы актываў эфектыўнаму ўласніку. Калі прадпрыемства не можа самастойна абслугоўваць даўгі, на яго месца павінна прыйсці новае — гэта натуральны працэс узнаўлення», — сказаў прэм'ер.
Мне адразу ўзгадваецца сустрэча з адным буйным польскім бізнесоўцам, які думаў пабудаваць у Беларусі прадпрыемства па вырошчванні кветак. Калі яму распавядалі пра цудоўныя інвестыцыйныя перспектывы, ён задаў адно пытанне: «А зямлю, на якой я буду вырошчваць кветкі, я магу набыць ва ўласнасць?». Зразумела ж, яму адказалі «не». «Мяне гэта не цікавіць», — адрэзаў ён.
Зямля — галоўны актыў сельгаспрадпрыемстваў. І пакуль у нас не будзе прыватнай уласнасці на зямлю, наўрад ці знойдзецца «эфектыўны ўласнік». Хаця б таму, што ніякім уласнікам, насамрэч, ён не з’яўляецца, пакуль асноўны сродак вытворчасці — зямля, — ва ўласнасці дзяржавы.
А зараз самае цікавае. Калі мы бачылі новыя лічбы ў «жыроўках», у нас адразу ўзнікала пытанне: «Куды ідуць гэтыя шалёныя грошы?» Зараз мы ведаем, куды яны пойдуць. За кошт народу ўлада будзе падтрымліваць тыя самыя «банкрутуючыя прадпрыемствы»!
Не менш за 50% эканамічнага эфекту ад росту тарыфаў ЖКГ для насельніцтва ў найбліжэйшыя гады будзе накіравана на зніжэнне тарыфаў для рэальнага сектара, агаломшыў Андрэй Кабякоў. «Паводле нашых разлікаў, гэта эквівалент штогадовага павелічэння абаротнага капіталу прамысловасці на 8 трыльёнаў рублёў», — дадаў прэм’ер.
Гэта ж проста жыццёвая рэалізацыя анекдота пра двух дырэктараў: «Я маім людзям ужо і заробак не плачу, а яны ўсё роўна на працу ходзяць. — А ты ім уваход платны зрабі!». Заплаці праз ЖКГ свайму прадпрыемству, каб на ім працаваць! Што гэта, як не апасродкаваны «платны ўваход на працу»?
Такім чынам, ухваленая парламентам праграма дзейнасці ўрада да 2020-га года — гэта тое, супраць чаго змагаўся Лукашэнка ўсе 20 гадоў свайго прэзідэнцтва. Калі яна будзе рэалізоўвацца — нас адкіне ў «ліхія 90-я». Але, хутчэй за ўсё, яна застанецца «бюракратычнай фантастыкай».