Як доўга дабрабыт беларусаў будзе залежаць ад коштаў на калій і нафту?
І калі акупяцца укладзеныя ў мадэрнізацыю дзяржпрадпрыемстваў сродкі?
У бягучым і у 2019 годзе эканоміка Беларусі вырасце на 3%. Такі прагноз зрабілі эксперты Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР).
У дакладзе канстатуецца, што беларуская эканоміка аднаўляецца: па выніках першага квартала 2018 года ВУП вырас на 5,1%.
Што спрыяла росту эканомікі краіны?
— Несумненна, на нашай эканоміцы спрыяльна адбіўся рост сусветных коштаў на нафту, — адзначае эканаміст Барыс Жаліба. — Мазырскі й Наваполацкі нафтаперапрацоўчыя заводы ўносяць істотны ўклад у тэмпы росту ВУП. Зараз нафта гандлюецца па 74-75 даляраў за барэль. А нафтапрадукты, якія таксама сталі даражэй, складаюць да траціны валютнай выручкі Беларусі.
Па словах эксперта, немалаважна, што рост коштаў на нафту будзе спрыяць і тэмпу росту расійскай эканомікі.
— З ростам цэнаў на нафту пакупніцкая здольнасць расійскага рынку павялічваецца. А на Расію прыпадае прыкладна палова беларускага экспарту, — падкрэслівае доктар эканамічных навук.
У той жа час эканаміст нагадвае, што цэны на нафту — не стабільныя. Да таго ж, беларуская эканоміка шмат у чым залежыць і ад кошту на сусветных рынках калійных угнаенняў.
— Пакуль яны ідуць у рост, у эканоміцы Беларусі будзе ўсё больш-менш нармальна. Але калі пачнецца падзенне, узнікнуць праблемы, — кажа Барыс Жаліба.
Эксперт нагадвае, што вялікія валютныя сродкі былі ўкладзеныя ў мадэрнізацыю дрэваапрацоўчых і цэлюлозна-папяровых прадпрыемстваў, цэментных заводаў.
— Пакуль ад іх аддача невысокая, — канстатуе Барыс Жаліба. — Думаю, урад разлічвае на тое, што адкладзены эфект ад гэтай мадэрнізацыі праявіцца ў гэтым ці ў наступным годзе. Калі спрацуе праграма індустрыялізацыі эканомікі, якая прадугледжвае цэнтралізаваныя капіталаўкладанні з бюджэту і іншых крыніц, гэта, магчыма, надасць імпульс ўсёй эканоміцы.
Па ацэнцы эканаміста, перш за ўсё інвеставаць трэба ў традыцыйныя галіны, на якіх беларусы гістарычна спецыялізуюцца. У прыватнасці, накіроўваць грошы ў машынабудаванне: МАЗ, МТЗ, БелАЗ, МЗКТ.
— Натуральна, не варта забываць аб IT-эканоміцы, сферы паслуг, беларуска-кітайскім парку «Вялікі камень». Словам, укладвацца трэба ў тыя галіны, дзе ў нас перадавыя пазіцыі і якія з’яўляюцца сучаснымі, — падкрэслівае Барыс Жаліба.
У той жа час ён адзначае, што застаецца праблема прамых замежных інвестыцый. Больш за тое, прыцягненне стратэгічных інвестараў — ахілесава пята беларускай эканомікі. Прыватызацыя буйных і нават сярэдніх прадпрыемстваў не ідзе. Інвестыцыйны клімат у Беларусі адпужвае замежнікаў.
Паводле Заўтра тваёй краіны