EPAM канчаткова сыходзіць з Расіі — з-за вайны ва Украіне
Адна з буйнейшых ІТ-кампаній EPAM вырашыла канчаткова сысці з Расіі.
Пра гэта Аркадзь Добкін паведаміў у лісце супрацоўнікам, паведамляе devby.io
— 4 сакавіка мы абвясцілі аб сваім рашэнні спыніць абслугоўванне кліентаў у Расіі. Пасля дбайнай ацэнкі нашай дзейнасці за апошнія чатыры тыдні і кансультацый з нашымі кліентамі і партнёрамі ва ўсім свеце, мы вырашылі спыніць усе аперацыі EPAM у гэтай краіне. Гэта адбудзецца паэтапна на працягу наступных трох месяцаў у цесным супрацоўніцтве з нашымі супрацоўнікамі і кліентамі. І ў поўнай адпаведнасці з усімі дзейнымі законамі, — напісаў Добкін.
У пятніцу EPAM правядзе агульны сход для расійскіх супрацоўнікаў. Расія для EPAM — 3-я лакацыя па колькасці супрацоўнікаў. У 2020 годзе ў расійскіх офісах працавала больш за 6300 чалавек, а ў 2021 годзе — ужо амаль 9 тысяч.
Днямі пра сваё рашэнне згарнуць бізнес у Расіі і Беларусі абвясціла кампанія Wargaming, якая стварае відэагульні.