Даследаванне: Да 2024 года сусветны турызм цалкам адновіцца

Паводле прагнозу аналітыкаў кампаніі Euromonitor International, чакаецца, што сусветныя выдаткі на ўязны турызм дасягнуць 83% ад сваіх пікавых узроўняў у 2019 годзе, вярнуўшыся да поўнага аднаўлення да 2024 года.

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява


Як адзначаецца ў даследаванні, пасля трох гадоў пандэміі сусветны турызм паступова вяртаецца ў звычайны стан, піша nv-online.info. Апошнія абмежаванні на паездкі здымаюцца ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне, Кітай аднавіў турызм з 6 лютага 2023 года.
Асноўным драйверам аднаўлення сусветнага турызму стане Кітай. Euromonitor International чакае, што ў першым квартале 2023 года выязны турызм у Кітаі будзе «павольна стагнаваць», паколькі колькасць выпадкаў захворвання COVID-19 унутры краіны расце, а за мяжой «узмацняецца геапалітычная напружанасць».
Чакаецца, што паток турыстаў з Кітая пачне набіраць абароты толькі з другога квартала 2023 года і далей, што ў цэлым прывядзе да выключнага росту выдаткаў на выязны турызм у свеце – больш чым на 400% у 2023 годзе ў параўнанні з мінулым годам. Гэта забяспечыць неабходны імпульс для развіцця многіх турыстычных напрамкаў, асабліва ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне.


Спажывецкія каштоўнасці пранікаюць ва ўсе аспекты ладу жыцця, дзе выбар паездкі ўсё часцей адлюстроўвае таксама і працоўныя адносіны спажыўцоў. Прыкладам гэтага з'яўляецца тэндэнцыя змешаных падарожжаў (або bleisure — бізнес плюс адпачынак): гэта могуць быць так званыя workations (працоўныя вакацыі) або work from anywhere (магчымасць працаваць з любога месца), — адзначаецца таксама ў даследаванні.
Чакаецца, што рост прапаноў, заснаваных на каштоўнасцях здаровага ладу жыцця, такія як спорт, велнес і экатурызм, будуць пераўзыходзіць дынаміку продажаў стандартных турпакетаў у 2023-2027 гадах, пры гэтым сярэдні рост іх кошту складзе больш за 12% у год.
Па прагнозах, у 2023 годзе агульны кошт аздараўленчых пакетаў, у якіх асноўная ўвага надаецца цэласнаму самаадчуванню, ад заняткаў ёгай да лячэбных працэдур у SPA-цэнтрах па прызначэннях лекара, дасягне 29,3 мільярда даляраў ЗША.
Турызм, заснаваны на наведванні прыродных славутасцяў (сюды ўключаны прыгодніцкі турызм, экатурызм, а таксама пляжны адпачынак), таксама карыстаецца павышаным попытам. Чакаецца, што толькі ў 2023 годзе на яго долю прыйдзецца 57% усіх турыстычных пакетаў па ўсім свеце.
Гэтыя турпакеты ахопліваюць сельскія, пляжныя і прыгодніцкія прыродныя напрамкі і віды дзейнасці, паколькі прывабнасць адпачынку на прыродзе працягвае расці пасля пандэміі, — адзначаюць аўтары даследавання.
Нагадаем, з пачатку 2023 года ў Беларусі дзейнічае новы закон «Аб турызме». Ён уводзіць шэраг абмежаванняў і наўпроставых забаронаў у дзейнасці гідаў і экскурсаводаў. Таксама прыняты шэраг іншых дакументаў, якія рэгулююць турыстычную галіну.
Так, уведзена атэстацыя мабільнай праграмы як аўдыягіда для экскурсій па ўнутраных турыстычных маршрутах Беларусі. Усталявана забарона на ажыццяўленне экскурсійнага абслугоўвання без праходжання фізічнымі асобамі прафесійнай атэстацыі, якая пацвярджае кваліфікацыю экскурсавода, гіда-перакладчыка.
Паводле новых правілаў, не могуць працаваць экскурсаводамі тыя, каго судзілі паводле арт. 130 КК (распальванне варожасці), арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), арт. 367 КК (паклёп у дачыненні Лукашэнкі), арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 370 КК (здзек з дзяржаўных сімвалаў) і іншых артыкулаў.
Таксама пад забарону трапілі экскурсаводы, якія маюць адміністрацыйныя прысуды паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне), арт. 24.22 КаАП (распаўсюд сродкамі масавай інфармацыі загадзя ілжывых звестак, якія ганьбяць гонар і годнасць Лукашэнкі).
Што тычыцца выязнога турызму беларусаў, то ў 2022 годзе ён моцна прасеў, піша officelife.media: за мяжу беларускія турыстычныя кампаніі адправілі 348,6 тыс. чалавек. Гэта прыкладна 73% да 2021 года. У дакавідныя гады з Беларусі праз турфірмы выязджала за мяжу ў сярэднім 850-950 тыс.чалавек. У 2020-м іх колькасць упала да 258 тыс., а ў 2021-м амаль падвоілася (крыху менш за 479 тыс.).
Кардынальна змянілася геаграфія паездак беларусаў. Калі ў 2021-м самай наведвальнай краінай быў Егіпет, потым Турцыя, Украіна і ААЭ, то ў 2022-м у лідары выйшлі Турцыя і Расія. Егіпет толькі на трэцім радку па папулярнасці.
У паездках на тэрыторыю ЕС самай папулярнай краінай для беларусаў з'яўляецца Польшча. У 2021-м турфірмы адправілі туды 62% кліентаў, якія выязджалі ў Еўропу, а ў 2022-м — 35%.