Дакаціліся. У Беларусі — самы горшы ВУП у Еўразійскім саюзе
Еўрапейскі банк развіцця днямі выпусціў чарговае абнаўленне даных і кароткатэрміновага прагнозу. Даводзіцца прызнаць: эканоміка нашай краіны выглядае вельмі сумна нават на фоне калег па ЕАЭС, піша тэлеграм-канал «Нашы грошы». Мы — апошнія нават сярод горшых.
Для пачатку ўспомнім, якія прагнозы па ВУП не так даўно даваў Міжнародны валютны фонд на 2022 год. На яго думку, Беларусь павінна была ўпасці на 7%, Расія — на 3,4%, Казахстан павінен быў дадаць 2,5%, Кыргызстан — 3,8% а Арменія — 7%.
Мяркуючы па ўсім, сітуацыя змяняецца настолькі імкліва, што ўсе прагнозы «сышлі ў малако». Правільна была перададзена толькі тэндэнцыя, якія краіны сыдуць у мінус, а ў якіх будзе назірацца рост. Па апошніх даных Дэпартамента статыстыкі ЕАЭС, у Беларусі са студзеня па верасень у адносінах да таго ж перыяду мінулага года назіраецца падзенне ВУП на 4,3%, Расія прасела на 0,4%. Пры гэтым астатнія краіны выраслі больш, чым чакалася: Казахстан на 3,6%, Кыргызстан — на 6,3%, Арменія — на 11,1%.
У гэтых лічбах можна заўважыць адразу тры важныя моманты.
Першы. Відавочна, што беларуская эканоміка вельмі неэфектыўная. Яна найбольш пацярпела ад санкцый, складаней за ўсіх падладжваецца пад іх наступствы. Дзеянні ўладаў апошнія месяцы выглядаюць вельмі няўпэўнена, яны то спрабуюць спыніць цэны загадам, то на поўным сур'ёзе ганарацца чарговым атрыманым расійскім крэдытам.
Важна таксама адзначыць, што спад эканомікі на 4,3% не з'яўляецца феноменам нейкага асобнага яе сектара. Гэта ўсеабдымная праблема, якая праходзіць па ўсіх сектарах эканомікі. Нават такія звышпрыбытковыя сферы, як апрацоўка нафты і калійныя ўгнаенні, могуць даваць сёння хоць нейкія паказчыкі толькі дзякуючы анамальна высокім коштам. Аб'ёмы прадукцыі, якая пастаўляецца, моцна аселі. Рана ці позна кошты знізяцца (на нафту зніжаюцца ўжо сёння), і нават гэтыя курыцы, якія нясуць апошнія яйкі, акажуцца не такімі прыбытковымі, як раней.
Другое. Выбудаваная сістэма залежнасці ад Расіі прадэманстравала, каму на самай справе такі васалітэт можа быць выгадны. Расія сёння — сусветны чэмпіён па санкцыях, але падзенне ў яе ўсяго на 0,4%. Беларусь, у якой сёння ўсё менш рычагоў уплыву на ўласную эканоміку, коціцца ў бездань з маўклівай згоды (калі не па жаданні) васала.
Пры гэтым вельмі важна адзначыць, што даным, якія дае аб сваім ВУП Расія, не варта безумоўна верыць. Напэўна, вельмі многія паказчыкі ў ёй прыцягнутыя за вушы «для падтрымання маральнага духу насельніцтва», частка якога дагэтуль верыць, што санкцыі і там робяць краіну мацнейшай. Напрыклад, афіцыйныя даныя па зніжэнні даходаў насельніцтва ў Расіі ніяк не карэлююць з хуткасцю падзення попыту на тавары і паслугі. Мала таго, ВУП — гэта сярэдні паказчык па ўсёй краіне. І ёсць галіны, якія афіцыйна статыстыку не публікуюць, напрыклад абаронная прамысловасць, якая сёння ў гэтай краіне працуе значна больш інтэнсіўна. Цалкам магчыма, што вырабленыя танкі, снарады і іншыя машыны забойства — гэта і ёсць адзін з сакрэтаў невялікага падзення ВУП.
Трэці. Закон «калі дзесьці ўбыло — у іншым месцы абавязкова прыбудзе», працуе. Бачна, што на фоне стагнуючай Расіі ў Казахстане, Кыргызстане і Арменіі назіраецца фенаменальны рост. Ён адбыўся дзякуючы сотням тысяч уцекачоў, якія звезлі з Расіі свае капіталы, свае сем'і, свае бізнесы, мазгі і заробкі. Паглядзеўшы на тое, што адбываецца ў гэтых краінах, можна прыкладна ўявіць, чаго пазбавілася (і працягвае пазбаўляцца цяпер) Беларусь з 2020 года.
І напрыканцы. Мы абмяркоўвалі тут статыстыку па стане на канец верасня. А што ў кастрычніку? Паводле інфармацыі Еўразійскага банка развіцця (які, відавочна, прарасійскі, і наўрад ці будзе «нагнятаць») ВУП Беларусі ўпаў яшчэ мацней — ужо мінус 4,7%. Пры гэтым ЕАБР прагназуе, што падзенне ў тых месяцах, якія засталіся да канца 2022-га, працягнецца.