«Сітуацыя ўсё больш нагадвае «парад суверэнітэтаў» канца 1980-х — пачатку 1990-х гадоў»

Аглядальнік «КоммерсантЪ-FM» Дзмітрый Дрызэ ў тэлеграм-канале «Крамлёўскі бязБашаннік» разглядае вынікі саміту АДКБ у адной звязцы з «несыходам» рэстарацыі «МакДональдс» з Беларусі. На яго думку, гэтыя падзеі можна ўкласці ў адну сюжэтную лінію — як своеасаблівы працяг распаду СССР.

original__3__2.jpg


Завяданне АДКБ, а за ім і іншых інстытутаў інтэграцыі на постсавецкай прасторы — усё гэта становіцца рэальнасцю. Відавочны дэмарш Нікола Пашыняна, які адмовіўся падпісваць выніковую дэкларацыю саміту, безумоўна, увойдзе ў гісторыю як знакавая падзея.

Казахстан пасля выбараў прэзідэнта абвясціў аб так званай палітыцы шматвектарнасці, а гэта словазлучэнне заўсёды раздражняла Маскву. Рэакцыя «палітолагаў» з федэральных каналаў не прымусіла сябе чакаць. Нягледзячы на абвяржэнні афіцыйных асоб і іх заклікі не слухаць «палітолагаў», усё гэта, вядома, пакідае след.

Сітуацыя з кожным днём усё больш нагадвае «парад суверэнітэтаў» канца 1980-х — пачатку 1990-х гадоў. Верныя саюзнікі на справе аказваюцца не такімі ўжо і вернымі.

Тактыка РФ пры гэтым зразумелая: «Выканаем задачы СВА — самі прыбягуць, нікуды не падзенуцца». Пры гэтым ёсць невялікая праблема: той жа Казахстан вельмі патрэбны для таго, каб наладжваць лагістыку і абыходзіць санкцыі. Гэта асабліва важна ў сувязі з відавочна чаканай пазіцыяй Кітая, які паставіў на паўзу актыўныя кантакты з суседам да наступлення большай пэўнасці — «куды вецер падзьме».

Вядома, аб поўным разрыве адносін у былым СССР казаць рана, але, падобна, былыя брацкія рэспублікі цяпер ідуць сваім шляхам — хай і не ўсе, але многія.

Што тычыцца Беларусі, вельмі паказальная гісторыя з «Макдональдсам», які быццам бы сышоў, але пакуль застаецца.

Мы разумеем, што для постсавецкай прасторы гэта не проста рэстаран хуткага харчавання, а палітычны трэнд. І тое, што варожая закусачная ці то сыходзіць, ці то застаецца, пры гэтым не пускаючы расійскі брэнд «Смачна — і кропка!», вычарпальна характарызуе палітыку Аляксандра Лукашэнкі: «з аднаго боку, мы ўсёй душой з вамі, а з другога — самі разумееце...».

Пераклад «НЧ»