Беларусь скараціла экспарт растваральнікаў і разбавіцеляў у тры тысячы разоў
У студзені—красавіку гэтага года Беларусь скараціла экспарт растваральнікаў і разбавіцеляў больш чым у тры тысячы разоў у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам.
Як вынікае са статыстычных даных, за чатыры месяцы 2013 года Беларусь паставіла на экспарт 598 тон растваральнікаў і разбавіцеляў на 738,6 тыс. долараў. За такі ж перыяд 2012-га на знешнія рынкі было адпраўлена 1,89 млн. тон растваральнікаў і разбавіцеляў на 1,7 млрд. долараў.
Разам са зніжэннем аб'ёмаў экспарту беларускіх растваральнікаў і разбавіцеляў узрасла іх сярэдняя цана. Калі ў студзені—красавіку 2012 года сярэдняя цана тоны гэтай прадукцыі
складала 902 долары, то ў студзені—красавіку гэтага года — 1.236 долараў.
Каментуючы змяншэнне аб'ёмаў экспарту і рост цэн беларускіх растваральнікаў у 2013 годзе, пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў у нядаўнім інтэрв'ю БелаПАН зазначыў, што
растваральны бізнес у Беларусі «вярнуўся ў разумныя рамкі».
«Па статыстыцы гэта бачна, што растваральны бізнес вярнуўся ў разумныя рамкі і набыў аб'ёмы, якія Беларусь раней экспартавала на сусветны рынак. І
цана гэтай прадукцыі сёння адпавядае той, якая склалася на сусветным рынку», — сказаў пасол.
У 2012 годзе Беларусь экспартавала 3,25 млн. тон растваральнікаў і разбавіцеляў на 2,8 млрд. долараў (на 77% больш, чым у 2011 годзе). Рэзкі рост экспарту растваральнікаў выклікаў
падазрэнні ў расійскага боку, які стаў меркаваць, што Беларусь стала пастаўляць нафтапрадукты на знешнія рынкі пад выглядам растваральнікаў і разбавіцеляў, што дазваляла не выплачваць пошліны
ў расійскі бюджэт.
Нагадаем, паміж Беларуссю і Расіяй дзейнічае пагадненне, якое рэгламентуе механізм збірання экспартных пошлін на нафтапрадукты, што вывозяцца з тэрыторыі Беларусі. Дакумент
прадугледжвае, што Беларусь поўнасцю пералічвае ў расійскі бюджэт экспартныя пошліны на нафтапрадукты, вырабленыя з расійскай нафты і экспартаваныя за межы Мытнага
саюза.
Аднак да апошняга часу растваральнікі і разбавіцелі не ўваходзілі ў пералік тавараў, пры экспарце якіх Беларусь павінна была пералічваць пошліны ў расійскі бюджэт. На думку назіральнікаў,
гэтая акалічнасць выклікала рэзкае павелічэнне экспарту Беларуссю згаданай прадукцыі.
У красавіку гэтага года расійскі пасол паведаміў БелаПАН, што прагалы ў заканадаўстве, якія дазвалялі Беларусі ў 2012 годзе ажыццяўляць «растваральна-разбавіцельныя схемы», ліквідаваныя. «Нам важна было закрыць пралаз у заканадаўстве, якая дазваляла ажыццяўляць вядомыя растваральна-разбавіцельныя схемы. І гэта зроблена — са згоды казахстанскага, беларускага і расійскага бакоў», — падкрэсліў расійскі дыпламат.