Апытанне: больш за 80 працэнтаў беларускіх бізнесменаў чакаюць пагаршэння сітуацыі
Пагаршэння сітуацыі ў эканоміцы чакаюць 81,6% апытаных кіраўнікоў беларускіх кампаній. Толькі 3,8% з іх сказалі, што «сітуацыя паступова паляпшаецца».
Варыянт адказу «сітуацыя хутка паляпшаецца» не абраў ніхто, паведамляе Thinktanks.by.
Даследчы цэнтр ІПМ у тэлеграм-канале «Кастрычніцкага эканамічнага форуму» агучыў вынікі снежаньскага апытання бізнесу.
Было апытана 211 кампаній, прыкладна пароўну з прамысловасці, будаўніцтва, гандлю і паслуг. У ходзе даследавання кіраўнікам кампаній задавалася пытанне, як на эканамічную сітуацыю ў краіне паўплывалі б тыя ці іншыя дзеянні ўладаў. Варыянты адказу тычыліся як змяненняў бізнес-асяроддзя, якія ахоплены, напрыклад, індэксам Doing Business, так і ходкіх стэрэатыпаў аб намерах уладаў у галіне эканамічнай палітыкі. Рэспандэнты ацэньвалі кожны варыянт па пяцібальнай шкале, дзе 1 бал — дзеянне моцна пагоршыць эканамічную сітуацыю, 2 — хутчэй пагоршыць сітуацыю, 3 — нічога не зменіць, 4 — хутчэй палепшыць сітуацыю і 5 — моцна палепшыць сітуацыю.
Выхад з эканамічнага тупіка
У групу стэрэатыпаў з нагоды намераў уладаў у галіне эканамічнай палітыкі ўваходзіла тры меры: (1) надрукаваць грошай і даць іх дзяржпрадпрыемствам на мадэрнізацыю; (2) Усталяваць жорсткі кантроль над коштамі; (3) стварыць буйныя холдынгі на базе дзяржаўных прадпрыемстваў і канцэрнаў. Час ад часу такія ідэі мільгаюць у заявах афіцыйных асоб — але бізнес кажа, што гэта дрэнныя ідэі. Сярэдні бал па ўсіх гэтых варыянтах значна ніжэй 3 (гэта значыць, на думку бізнесу такія дзеянні ўрада хутчэй пагоршаць сітуацыю), а па варыянце «надрукаваць грошай на мадэрнізацыю» — значна ніжэй 2. Відавочна, наступстваў друкавання грошай для фінансавання «прарыўных» і «прыярытэтных» праектаў беларускі бізнес ужо наеўся.
Яшчэ адзін стэрэатып тычылася прыватызацыі як панацэі. Ідэя «правесці маштабную прыватызацыю дзяржаўных прадпрыемстваў» набрала значна больш за 3 балы, але ненашмат (значна менш за 3,5). Меркаванне бізнесу можна інтэрпрэтаваць як «напэўна, ад прыватызацыі стала б крышачку лепш» — але гэта дакладна не панацэя.
Як «рабіць бізнэс»?
Аўтары даследавання пішуць, што элементы Doing Business былі прадстаўлены чатырма варыянтамі. Найменш актуальнай, на думку апытаных кампаній, з'яўляецца ідэя рэзка скараціць тэрміны падключэння да электрасетак і іншай інфраструктуры. Гэты варыянт набраў роўна 3 балы, гэта значыць рэспандэнты лічаць, што такая мера ніяк не зменіць цяперашнюю эканамічную сітуацыю. Прыкладна пароўну (значна больш 3,5, але крыху менш за 4 балаў) набралі такія дзеянні як «ўсталяваць мараторый на праверкі ўсіх кантралюючых органаў тэрмінам на тры гады» і «забараніць прывязку ставак арэнды да валюты і адмяніць рэгуляванне ставак арэнды дзяржаўнай нерухомасці» — можна сказаць, што нават у цяперашнія часы такія дзеянні, на думку бізнесу, палепшылі б сітуацыю ў эканоміцы. Найбольш значнай мерай стала б памяншэнне колькасці падаткаў і спрашчэнне іх адміністравання (прыкладна захаваўшы агульную суму выплат) — гэты варыянт набраў значна больш 4 балаў. І хаця некаторыя члены ўрада падзяляюць ідэю прынцыповага спрашчэння (а не «ўдасканалення») Падатковага кодэкса, пакуль што мы бачым, як дэпутаты спяшаюцца падтрымаць павышэнне шэрагу падаткаў.
Спыненне пераследаў
Нарэшце, 4 балы набраў зусім не эканамічны варыянт дзеянняў уладаў — спыніць адміністрацыйны і крымінальны пераслед людзей за палітычныя погляды.
Даследчыкі звяртаюць увагу, што гэты варыянт заняў другое месца пасля падаткаў — традыцыйна самага «хворага месца» бізнес-асяроддзя любой краіны. На думку бізнесу, спыненне пераследу людзей за палітычныя погляды палепшыла б сітуацыю ў эканоміцы. Здаецца, гэта не больш складана, чым дазволіць грамадзяніну Беларусі ўехаць у сваю краіну — гэта ж проста па законе.
Песімістычная ацэнка самаадчування
Таксама рэспандэнтам задаваліся пытанні аб тым, як яны ацэньваюць бягучы стан эканомікі Беларусі і як змяняецца сітуацыя ў эканоміцы?
Сярэдняя па выбарцы ацэнка па першым пытанні склала 2,25 (можна казаць, што «сітуацыя ў эканоміцы, мабыць, дрэнная»), па другім — 2,06 («сітуацыя ў эканоміцы паступова пагаршаецца»).
Даследчыкі звярнулі ўвагу, што па другім пытанні ў лютым бягучага года сярэдняя ацэнка складала 2.63 — ніжэй тройкі, але бліжэй да яе, гэта значыць да варыянту «сітуацыя не мяняецца». З шокаў у той час былі нафтавы канфлікт з Расіяй і пачатак пандэміі каронавіруса, але хіба тое былі шокі! Пра тое, як у параўнанні з пачаткам года змяніліся ацэнкі бізнесам перспектыў развіцця эканомікі, кажа баланс адказаў («паступова паляпшаецца» і «хутка паляпшаецца» мінус «паступова пагаршаецца» і «хутка пагаршаецца»). У лютым 2020 года ён складаў 31,3 працэнтных пункты, у снежні 2020 года — ужо 77,8 працэнтных пункты. Толькі 3,8% кампаній абралі варыянт «сітуацыя паступова паляпшаецца», варыянт «сітуацыя хутка паляпшаецца» не абраў ніхто. У пачатку года такіх было 16,3 і 0,3% адпаведна.
Эксперты даследчага цэнтра ІПМ пішуць, што ацэнкі бягучай сітуацыі ў эканоміцы па сектарах вар'іруюцца ад 2,22 ў паслугах да 2,30 ў прамысловасці (статыстычна значных адрозненняў паміж гэтымі ацэнкамі няма). А вось ацэнкі перспектыў эканомікі адрозніваюцца: у прамысловасці і будаўніцтве іх можна ахарактарызаваць як «мабыць, сітуацыя паступова пагаршаецца» (2,27 і 2,25 бала адпаведна, значна вышэй 2), а ў гандлі і паслугах яны роўныя 1,96 і 1,94 адпаведна (статыстычна не адрозніваюцца ад 2). Гэта цалкам зразумела-пандэмія ў большай ступені ўдарыла па гандлі і паслугах, чым па вытворчых сектарах. Але і ім даводзіцца несалодка.
Даследчыкі канстатуюць, што снежаньскія самаадчування беларускага бізнесу, мякка кажучы, «не вельмі»: пагаршэння сітуацыі ў эканоміцы чакаюць 81.6% апытаных кампаній, паляпшэння – 3,8%. Бізнесцалкам прадказальна кажа, што сітуацыя ў эканоміцы дрэнная і паступова пагаршаецца, гэта значыць, аднаўлення рэальнага ВУП, якое ўжо два месяцы паказвае афіцыйная статыстыка, кампаніі неяк не заўважаюць.