Наталля Суслава: Я веру, што толькі «вялікія выбухі» змяняюць сусвет

Адным з сімвалаў сёлетняга пратэсту ў Гомелі стала Наталля Суслава — кандыдат філалагічных навук, дацэнт ГДУ імя Ф.Скарыны. Фотаздымак выкладчыцы ў чорным адзенні з кветкамі ў руках змясцілі амаль усе буйныя беларускія незалежныя СМІ.

122690897_372667070452036_2876990657593097502_n.jpg


Наталля Суслава — пэўна, адзіная сярод выкладчыкаў, хто трапляў на суткі ўжо двойчы: першы раз яна апынулася ў гомельскім ІЧУ на 8 сутак, другі раз — на 10 сутак у ІЧУ Буда-Кашалёва. Пры гэтым амаль увесь гэты час Наталля правяла ў адзіноце.
— Наталля, вы ўжо два разы пабывалі на сутках, на вас складзена тры пратаколы. Акрамя 18 сутак, якія вы правялі ў ІЧУ, вы маеце штраф у 30 базавых за пікет каля сцен універсітэта. Нешматлікія выкладчыкі маюць такія дасягненні. Як вы лічыце, чаму выкладчыкі збольшага не выражаюць сваю пазіцыю актыўна? Ці павінны выкладчыкі выходзіць на акцыі пратэсту ці іх поле дзейнасці — аўдыторыі ўніверсітэта?
— Я думаю, не зусім правільна акцэнтаваць увагу на прафесійнай сферы, да якой належаць удзельнікі пратэстаў. Асноўны фактар у дадзеным выпадку — пачуццё грамадзянскай адказнасці за тое, што адбываецца ў краіне. Мішэль Фуко і Жан-Поль Сартр былі на баку пратэстоўцаў у Парыжы 1968 года не таму, што яны былі прафесарамі Сарбоны, а таму, што падтрымлівалі ідэі Чырвонага мая. Вышэйшай каштоўнасцю я лічу свабоду. У тым ліку і свабоду выбару. І таму ў сітуацыі, у якой мы зараз жывем, кожны павінен зрабіць свой выбар самастойна.
— Вы выкладаеце літаратуру ва ўніверсітэце, з’яўляецеся кандыдатам філалагічных навук. Ці паўплывала неяк літаратура на вашы погляды? Калі так, то на якіх творах вы выраслі, якую літаратуру параіце нашым чытачам?
— Канешне, паўплывала. У мяне такое пачуцце, што амаль усё дзяцінства я правяла з кнігай у руках. Асабліва мяне прыцягвалі міфалагічныя сюжэты. Напэўна, таму ў мяне вельмі полюсная карціна свету, практычна няма паўтаноў: святло — гэта святло, цемра — гэта цемра. Пазней на гэту глебу лёг авангард пачатку 20 стагоддзя — і атрымалася «грымучая сумесь». Напэўна, таму я і лічу эвалюцыю выдумкай і веру, што толькі «вялікія выбухі» змяняюць сусвет.
Кнігі, якія ў найбольшай ступені паўплывалі на маё стаўленне да рэчаіснасці зараз, гэта ваенная проза Васіля Быкава, «Les Bienveillantes» Джонатана Літэла и патэрыяна Джаан Роўлінг.
Што параіць пачытаць? Я лепей скажу, што на мяне зрабіла найбольшае ўражанне з адносна нядаўна прачытанага. Гэта раман Сяргея Жадана «Інтэрнат», раман Іллі Сіна «Libido», паэма Хрысціны Бандурынай «Евангелле ад М.М.». І з нядаўняй пары ў мяне ёсць абсалютны кумір у галіне паэзіі — Цімур Хоміч. Так-так, той самы — з «Песні пра Цімура», якую я ў ІЧУ прачытала.  
— У адным са сваіх інтэрв’ю вы сказалі, што сёння на вуліцы выходзяць людзі, для якіх «філаматы, слуцкія паўстанцы, Купала, Быкаў, Караткевіч — не пусты гук». А хто для вас сучасныя героі?
— Гэта я не ў інтэрв'ю, а на судзе сказала, калі суддзя прапанаваў растлумачыць мой удзел у пратэсным шесці. А пра сучасных герояў… У мяне з гэтым, дарэчы, досыць проста: дзесьці на скрыжаванні «Рабі, што вінен — і будзь што будзе» і «Не запытвай, што твая краіна зрабіла для цябе, запытвай, што ты можаш зрабіць дзеля сваёй краіны». Мне здаецца, Павел Севярынец — герой.
— Вы правялі амаль усе свае суткі ў адзіноце. Як гэта на вас паўплывала. Што вы можаце параіць людзям, калі яны трапяць у такую сітуацыю?
— Не ведаю — людзі ж вельмі розныя. Тут не можа быць нейкага ўніверсальнага рэцэпта. Пра сябе я магу сказаць словамі Максіма Багдановіча: «Я не самотны — я кнiгу маю…» Дзякуй вялікі ўсім сябрам, якія перадавалі мне кнігі цэлымі стосамі. Супрацоўнікі ІЧУ былі, дарэчы, вельмі здзіўлены.
 — Што вы можаце параіць людзям, якія баяцца пратэставаць? Якія крокі можа зрабіць чалавек, каб пераадолець страх? Якія дзеянні можна рабіць на карысць «справе», акрамя актыўнага ўдзелу ў пратэстах?
— Яшчэ раз паўтару — гэта выбар, які кожны робіць для сябе асабіста. І вось што яшчэ: чамусьці так склалася, што нават тыя людзі, якія, у прынцыпе, не вельмі шмат чытаюць, у большасці сваёй чыталі раман Міхаіла Булгакава «Майстар і Маргарыта». Так вось — пяты пракуратар Іудзеі ў нейкай ступені выклікае жаль, а Алоізій Магарыч — нічога, акрамя агіды.