Менахем Бегін: Ястраб Ізраіля з Брэст-Літоўска
Менахем Бегін — выбітны ізраільскі палітык, філосаф, пісьменнік, шосты па ліку прэм'ер-міністр дзяржавы Ізраіль і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, нарадзіўся за год да пачатку Першай сусветнай вайны, 16 жніўня 1913 года, у Брэст-Літоўску. Тры чвэрці жыхароў горада тады былі яўрэямі.
Ёсць цікавая гісторыя, якая апісвае, як было абрана імя Бегіна: Менахем нарадзіўся ў суботу «Шаббат Нахаму». Па яўрэйскай традыцыі кожную суботу пасля чытання Пяцікніжжа спяваецца асобная глава з Прарокаў. Раздзел, які чытаўся ў суботу пасля нараджэння Менахема, пачынаецца словамі «Нахаму, нахаму амі ёмар элагіхем» (Ісая 40:1): «Суцяшайце, суцяшайце народ Мой, кажа Бог ваш». Такім чынам, Менахем, які паходзіць ад таго ж кораня, што і «нахаму», — гэта той, хто суцяшае.
Яго бацька Зеэў Доў (Вольф) Бегін таксама нарадзіўся ў Брэсце. Бацьку будучага прэм'ер-міністра Ізраіля можна было ахарактарызаваць як глыбока рэлігійнага чалавека, які спалучаў веру і сучаснасць. Таму ён размаўляў не толькі на ідышы і іўрыце, але таксама на польскай, рускай і нямецкай мовах. У маладосці Зеэў Доў хацеў стаць доктарам, але супраць сваёй волі аказаўся разам са сваім бацькам у гандлі піламатэрыяламі. Адзінае, што яму падабалася ў яго працы, — гэта рэгулярныя падарожжы. Аднак перш за ўсё ён бачыў мэту свайго жыцця ў прасоўванні сіянізму сярод берасцейскіх яўрэяў.
Галоўным равінам Брэста на рубяжы стагоддзяў быў знакаміты Хаім Салавейчык. Зеэў Доў вучыўся ў яго ешыве. Аднак адносіны да сіянізму хутка падзеляць гэтых двух людзей. Равін Салавейчык адкрыта варожа ставіўся да руху, а Зеэў Доў быў яго апантаным прыхільнікам. Праз нейкі час гэтае рознае стаўленне да будучага яўрэйскага народа перарасло ў адкрыты канфлікт. Пасля заўчаснай смерці Тэадора Герцля, заснавальніка Сусветнай сіянісцкай арганізацыі і стваральніка ідэалогіі палітычнага сіянізму ў ліпені 1904 года, равін Салавейчык адмовіўся правесці службу ў памяць памерлага. Тады Зеэў Доў Бегін і яго сусед Мардэхай Шэйнерман уварваліся ў сінагогу з сякерай (гэта па адной з версій — па іншай, яны ўварваліся непасрэдна ў дом равіна і забралі ключы ад сінагогі), каб правесці жалобныя малітвы. Цікавая акалічнасць у тым, што Мардэхай Шэйнерман быў дзядулем Арыэля Шэйнермана, у будучыні Арыэля Шарона, яшчэ аднаго прэм’ер-міністра Ізраіля.
Першая сусветная вайна разлучыла сям'ю Бегінаў. Зеэў Доў быў выгнаны з Брэста рускімі салдатамі ў 1915 годзе (меркавана з-за яго сімпатый да немцаў). У верасні таго ж года яго жонка Хася збегла з горада адна з трыма дзецьмі да стрыечных братоў у Драгічын. Але неўзабаве туды перамясціўся ўсходні фронт, тады яна была вымушана зноў вывезці дзяцей на новае месца. Гэтым разам у Кобрын. Толькі ў 1919 годзе Зеэву Дову ўдалося зноў сабраць усю сваю сям'ю ў Брэсце.
Як і яго брат Герцль, Менахем спачатку пайшоў у традыцыйную яўрэйскую школу (хедэр), а затым у сучасную гуманістычную яўрэйскую школу, якая дзейнічала пад эгідай рэлігійнага сіянісцкага руху «Мізрахі», апекуном якога быў равін Самуіл (Шамуэль) Магілевэр з Беластока. Калі Менахему споўнілася 14 гадоў, ён паступіў у гімназію, якую скончыў у 1931 годзе. Гімназія насіла імя Рамуальда Траўгута, аднаго з лідараў паўстання 1863-1864 гадоў на Берасцейшчыне.
Але з самага пачатку сіянісцкае выхаванне Менахема было для яго бацькі важнейшым за звычайную школьную адукацыю. Калі Менахему было 10 гадоў, Зээў Доў адправіў усіх сваіх дзяцей у моладзевую скаўцкую арганізацыю «Хашамер Хацаір», дзе ён сам быў старшынём камітэта. Са сваёй сястрой Рахіль Менахем танчыў народныя танцы, спяваў яўрэйскія песні і нават у юным узросце выдатна гаварыў на іўрыце. Праз нейкі час Зеэў Доў забраў сваіх дзяцей адтуль. Іх бацька вырашыў, што група стала празмерна адданая сацыялізму на шкоду менавіта яўрэйскай, сіянісцкай праграме.
Прыход у палітыку
У 1929 годзе Менахем Бегін далучыўся да радыкальнага яўрэйскай моладзевай арганізацыі «Бейтар», на чале якой стаяў слынны дзеяч сіянісцкага рэвізіянісцкага руху Зеэў (Уладзімір) Жабацінскі.
Праз шмат гадоў Бегін згадваў, як упершыню пачуў прамову апошняга: «Упершыню я ўбачыў Жабацінскага, калі ён выступаў на канферэнцыі ў Брэсце. Мне было 16 гадоў. Маё жыццё змянілася. Ты сядзіш там, унізе, і пачынаеш адчуваць кожнай клетачкай свайго цела, што цябе паднімаюць, выносяць уверх, уверх, уверх... Ты заваяваны? Не, болей. Ты прысвечаны ідэалу. Назаўжды».
У 1931 годзе Бегін прыязджае ў Варшаву, дзе паступае ў мясцовы ўніверсітэт. На той момант там вучыліся ўжо ягоныя брат і сястра: Рахіль вывучала гісторыю, Герцль — матэматыку, а сам Менахем стаў вывучаць права.
На Бегіна паўплывалі бурныя 1930-я гады. Ён актыўна ўключыўся ў жыццё студэнцкай яўрэйскай грамады польскай сталіцы, а таксама пачаў развіваць свае прамоўніцкія здольнасці, якія хутка праявяцца.
У верасні 1938 года ў Варшаве адбыўся Трэці кангрэс Бейтара. Тут разгарнулася сцэна адкрытага канфлікту паміж Бегінам і Уладзімірам Жабацінскім з-за тэксту бейтарскай прысягі. Бегін запатрабаваў, каб да абавязку абараняць ішув (яўрэйскае насельніцтва ў падмандатнай Брытаніі Палесціне) былі даданы абавязацельства змагацца за стварэнне незалежнай дзяржавы. Ён быў перакананы, што шлях да рэалізацыі імкнення да незалежнасці ляжыць праз узброенае супраціўленне і бескампраміснае стаўленне да Лондана, які не выканаў усіх сваіх абяцанняў, якія вынікалі з заявы былога міністра замежных спраў Вялікабрытаніі лорда Бальфура ў 1917 годзе аб тым, што Злучанае Каралеўства створыць «у Палесціне нацыянальны дом для яўрэйскага народа». Уладзімір Жабацінскі, які прытрымліваўся больш памяркоўных поглядаў, вядома, прызнаваў, што англічане дзейнічаюць несправядліва, але баяўся, што адкрыты канфлікт прывядзе да грамадзянскай вайны. У выніку пытанне было пастаўлена на галасаванне. Большасць падтрымала бачанне Менахема Бегіна.
Як бы там ні было, але ў 1939 годзе Бегін становіцца кіраўніком арганізацыі Бэйтар у Польшчы. У тым жа годзе арганізаваў дэманстрацыю пратэсту перад амбасадай Вялікабрытаніі, якая фактычна адмяніла свае ж ранейшыя абяцанні і пачала абмяжоўваць яўрэйскую міграцыю ў Палесціну. За гэта ён быў арыштаваны і правёў шэсць тыдняў у польскай турме. Гэты ўчынак зрабіў з яго героя і моцна ўзняў папулярнасць сярод ягоных суайчыннікаў. Стаўшы на чале арганізацыі, Бегін адразу пачаў фармаваць ячэйкі баявой арганізацыі і адначасова спрабаваў арганізаваць масавыя выезды польскіх яўрэяў у Палесціну.
З нападам Германіі на Польшчу Бегін прапанаваў польскаму ўраду сфармаваць вайсковую адзінку з бейтараўцаў, але атрымаў адмову. Бегін пакінуў Польшчу незадоўга да нямецкага ўварвання. Яму ўдалося пазбегнуць нацысцкай аблавы на польскіх яўрэяў, перабраўшыся ў Вільню. Але 20 верасня 1940 года ён быў арыштаваны органамі НКУС. Па іроніі лёсу, Бегіна абвінавацілі ў тым, што ён «агент брытанскага імперыялізму», і прыгаварылі да васьмі гадоў ГУЛАГу. 1 чэрвеня 1941 года яго адправілі ў Пячорскія працоўныя лагеры, дзе ён адпрацаваў да траўня 1942 года. Значна пазней Бегін будзе падрабязна запісваць і разважаць аб сваім досведзе ў Сібіры ў серыі аўтабіяграфічных твораў.
У 1941 годзе, адразу пасля пачатку нямецкага наступу на Савецкі Саюз, ён быў вызвалена па т. зв. дагаворы Сікорскага-Майскага, пагадненне аб аднаўленні дыпламатычных адносін паміж СССР і ўрадам Польскай Рэспублікі ў выгнанні. Бегін далучыўся да польскага войска Андэрса. Пазней быў адпраўлены з войскам у Палесціну, якраз у той момант, калі немцы вялі паспяховы наступ па тэрыторыі Савецкага Саюза. Па прыбыцці на гістарычную радзіму пакінуў Армію Андэрса і далучыўся да яўрэйскага нацыянальнага руху ў брытанскім мандаце ў Палесціне.
Барацьба за яўрэйскую Палесціну
Бегін хутка зрабіў сабе імя як паслядоўны крытык лідараў сіянісцкага руху за тое, што яны занадта блізка супрацоўнічалі з брытанскімі ўладамі. Ён быў прыхільнікам партызанскай тактыкі супраць брытанцаў як неабходнага сродку для дасягнення незалежнасці. У 1942 годзе далучыўся да «Іргун Цвай Леўмі» («Этцэль»), падпольнай баявой сіянісцкай групы, якая адкалолася ад левай яўрэйскай вайсковай арганізацыі «Хагана» ў 1931 годзе. У наступным годзе ўзяў на сябе камандаванне над ёй. Хутка была апублікаваная афіцыйная Дэкларацыя паўстання, і пачаліся ўзброеныя напады на брытанскія войскі.
На працягу некалькіх месяцаў у 1945-1946 гадах дзейнасць Іргун каардынавалася ў рамках Яўрэйскага руху супраціву пад кіраўніцтвам Хаганы, аднак гэтае партнёрства распалася пасля бамбардзіроўкі байцамі Іргун брытанскага адміністрацыйнага штаба ў гатэлі «Цар Давід» у Іерусаліме. У выніку гэтай акцыі загінуў 91 чалавек, у тым ліку брытанскія афіцэры і салдаты, а таксама цывільныя арабы і яўрэі.
Іргун пад кіраўніцтвам Бегіна працягваў праводзіць вайсковыя аперацыі, такія як напад на турму Акра і забойства двух брытанскіх сяржантаў, у выніку чаго брытанцы прыпынілі любыя далейшыя пакаранні зняволеных чальцоў Іргун. Усё большая колькасць брытанскіх войскаў была задзейнічана для падаўлення яўрэйскага паўстання, але Бегіну ўдавалася пазбягаць палону. Брытанская служба бяспекі MI-5 прызначыла ўзнагароду ў памеры 10 000 фунтаў стэрлінгаў за яго галаву. Агенты МІ-5 таксама папярэдзілі, што Іргун мае спячыя ячэйкі ў Лондане, якія могуць паспрабаваць забіць сябраў кабінета прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі.
Радыкальныя дзеянні Бегіна і яго спадвіжнікаў выклікалі супраціўленне з боку вялікай часткі саміх яўрэйскіх актывістаў. Давід Бэн-Гурыён адкрыта асудзіў Іргун як ворагаў яўрэйскага народа, абвінаваціўшы іх у сабатажы палітычнай кампаніі за незалежнасць. Хагана актыўна пераследавала і здавала чальцоў Іргун брытанскім уладам. Інструкцыя Бегіна сваім людзям устрымлівацца ад гвалтоўнага супраціву не дазволіла гэтым супярэчнасцям перарасці ва ўзброены ўнутрыяўрэйскі канфлікт. У лістападзе 1947 года ААН прыняла План падзелу Палесціны, і Вялікабрытанія аб'явіла аб сваіх намерах поўнасцю сысці з Палесціны да траўня 1948 года. Перамога была дасягнута.
Неўзабаве пасля заснавання дзяржавы Ізраіль Іргун афіцыйна самараспусціўся. Бясспрэчным лідарам Ізраіля стаў Давід Бэн-Гурыён, а створаная ім сацыялістычная плынь у сіянісцкім руху была правячай у дзяржаве аж да 1977 года, калі заснаваная ўжо Бегінам яшчэ ў 1948 годзе кансерватыўная партыя «Херут» у прадвыбарчым блоку з іншымі правымі партыямі пераможа левых на выбарах.
Імя Менахема Бегіна і сёння выклікае супярэчнасці сярод яўрэйскага грамадства. Многія лічаць яго радыкалам. Так, можна згадзіцца, што шмат якія дзеянні Бегіна выглядаюць занадта радыкальнымі. Але вобраз гістарычных асобаў ніколі не бывае простым. Менавіта Бегін у рэшце рэшт дамогся пачатку перамоваў з прэзідэнтам Егіпта Анварам Садатам, якія скончыліся падпісаннем мірнай дамовы паміж варожымі дзяржавамі і спыненнем шматгадовага канфлікту. За што ён, дарэчы, атрымаў Нобелеўскую прэмію ў 1981 годзе. Гэта па яго загадзе ізраільская авіяцыя знішчыла атамны рэактар у Іраку, не даўшы магчымасць іракскаму дыктатару Садаму Хусэйну пераўтварыць сваю краіну на блізкаўсходні аналаг КНДР, які меў усе шанцы стаць галаўным болем для краін рэгіёна на многія дзесяццігодзі. Рух за свабоду для свайго народа часам патрабуе не заўжды прыемных учынкаў. Сам жа Менахем Бегін усё жыццё абураўся тым, што яго малявалі ваяўнічым дысідэнтам і звышрадыкалам. Ён валодаў дзевяццю мовамі і на людзях заўжды з’яўляўся ў касцюме і пры гальштуку.
Памёр Менахем Бегін 9 сакавіка 1992 года. Пахаваны ў Іерусаліме побач з загінулымі чальцамі «Іргун Цвай Леумі». А ў 2013 годзе ў Брэсце недалёка ад школы, дзе Бегін вучыўся ў дзяцінстве, у яго гонар быў пастаўлены бюст.