ЗША нанеслі ўдар па Ісламскай дзяржаве ў Афганістане. Беспілотнік знішчыў баевіка, адказнага за тэракты
ЗША нанеслі ўдар па Ісламскай дзяржаве ва ўсходняй частцы Афганістана пасля атакі ІД на аэрапорт Кабула, у выніку якога загінулі 13 амерыканскіх вайскоўцаў і дзясяткі афганцаў, паведамляе «Голас Амерыкі».
У чацвер прэзідэнт Джо Байдэн паабяцаў, што ЗША будуць
пераследаваць асоб, адказных за гэтую атаку, і паведаміў, што загадаў Пентагону
нанесці па іх удары.
Цэнтральнае камандаванне ЗША паведаміла, што ўдар па ІД з
выкарыстаннем беспілотнага лятальнага апарата быў нанесены ў правінцыі
Нангархар, на ўсход ад Кабула. Мэтай атакі быў баявік, адказны за планаванне
тэрактаў.
«Папярэднія даныя паказваюць, што мы знішчылі яго.
Нам не вядома пра ахвяраў сярод мірнага насельніцтва», — гаворыцца ў заяве
Цэнтральнага камандавання.
У заяве не пазначана, ці звязаная атака з тэрактам у
аэрапорце Кабула.