«Зробім Вялікдзень зноў вялікім!» Дасье ў карыкатурах
Напярэдадні свята ілюструючы падзеі ў свеце многія мастакі традыцыйна выкарыстоўвалі тэматыку Вялікадня.
Трэба прызнаць, што Вялікдзень 2025 года людзі святкуюць у досыць нестабільнай сітуацыі — войны, мытныя канфлікты, біржавыя абвалы і г.д. Усё гэта знаходзіць адлюстраванне ў карыкатурах.
Пачнём з біржы, дзе назіраецца падзенне акцый — вынік новых пошлін з боку ЗША На гэтым малюнку трусік — сімвал Вялікадня — у кантэксце біржавога крызісу заклікае ўкладваць яйкі, у тым ліку і велікодныя, у розныя кошыкі.

Тэма яек, дарэчы, вельмі важная для гэтага Вялікадня. Не толькі таму, што яйкі з'яўляюцца галоўнымі сімваламі свята. У ЗША напярэдадні назіраўся дэфіцыт і рост коштаў на яйкі, што надае святу нейкі антытрампаўскі апазіцыйны акцэнт. Велікодны трусік на гэтым малюнку шукае яйкі, каб пакласці ў свой святочны кошык.

Дональд Трамп наогул галоўны герой Вялікадня 2025. Па-першае, ён адносна нядаўна ва ўладзе. Па-другое, дзякуючы сваім, у тым ліку скандальным ініцыятывам, з'яўляецца галоўным сусветным іміджмэйкерам. Нядзіўна, што некаторыя выявілі амерыканскага гаранта ў выглядзе велікоднага труса. На гэтым малюнку Трамп-трус перафразуе свой перадвыбарчы лозунг «Зробім Амерыку зноў вялікай!» «Зробім Вялікдзень зноў вялікім!», — заклікае амерыканскі гарант.

Многія мастакі ахвотна здзекуюцца з снабізму і амбіцый Трампа. На думку гэтага мастака, у сваіх фантазіях Дональд Трамп бачыць сябе амаль Хрыстом. На яго малюнку Дональд нават гатовы замест Хрыста стаць ахвярай распяцця.

Згадалі Трампу і яго кампанію па дэпартацыі з ЗША нелегальных мігрантаў. Карыкатурыст адлюстраваў, як супрацоўнік міграцыйнай службы затрымлівае нелегала-велікоднага труса.

На жаль, адной з тэм велікодных карыкатур стала вайна. Тут намаляваны Пуцін, які фарбуе святочныя яйкі ў сваім стылі.

Зрэшты, напярэдадні некаторыя мастакі спадзяваліся на велікоднае перамір'е ў той жа Украіне. Адзін з аўстрыйскіх мастакоў убачыў гэтае перамір'е наступным чынам. Сапраўды напярэдадні Вялікадня Масква і Кіеў пагадзіліся на часовае спыненне агню. Як бачым, нягледзячы на ўсе нюансы Вялікдзень захоўвае вельмі важны статус.
