Подых трампізму. Чаму ў Еўропе зазямляюць ультраправых і прарасійскіх лідараў

У апошні дзень сакавіка папулярнага французскага палітыка, кіраўніцу партыі «Нацыянальнае аб’яднанне» Марын Ле Пен выкраслілі з прэзідэнцкай гонкі 2027 года, у якой яна збіралася перамагчы. Падзея выклікала вялікі рэзананс, хаця ўнікальнай яе не назавеш. Выглядае, што ў Еўропе прама цяпер з’яўляецца трэнд па нейтралізацыі таксічных палітыкаў, якія ўяўляюць сабой пагрозу дэмакратыі.

le_pen_scanpix.jpg

Ле Пэн: Чатыры гады за карупцыю

31 сакавіка суд у Парыжы прызнаў Ле Пэн і яшчэ восем французскіх еўрадэпутатаў вінаватымі ў нямэтавым выкарыстанні сродкаў, атрыманых ад Еўрапарламента. Гэтыя грошы, паводле прысуду, марнаваліся на заробкі фіктыўна працаўладкаваных памочнікаў, якія насамрэч працавалі не ў інтарэсах заканадаўчага органа ЕС, а на карысць «Нацыянальнага аб’яднання». Гэта доўжылася больш чым 11 гадоў, за гэты час праз схему прайшло больш за чатыры мільёны еўра.

Суд прызначыў Ле Пэн чатыры гады пазбаўлення волі, але за краты палітык не трапіць. Палову тэрміну яна атрымала ўмоўна, другую палову яна пражыве ва ўмовах хатняга арышту з электронным бранзалетам. Таксама яе абавязалі выплаціць штраф у памеры 100 тысяч еўра, але гэта таксама не галоўнае. Самае важнае — Ле Пэн забаранілі вылучаць сваю кандыдатуру на выбарах на працягу пяці гадоў.

Ультраправы палітык ужо заявіла, што не згодная з прысудам і будзе яго абскарджваць. У нядзелю ў сталіцы Францыі адбылася акцыя пратэсту, на якой прыхільнікі партыі заяўлялі аб палітычна матываваным пераследзе іх лідара. Тое ж самае сказала ў сваім выступе і сама Ле Пэн. Занадта масавым, зрэшты, мітынг не атрымаўся. Яго наведалі каля 10 тысяч чалавек.

Палітычныя погляды лідаркі «Нацыянальнага аб’яднання» цягам апошняга дзесяцігоддзя эвалюцыянавалі. Раней яна была вялікай прыхільніцай пуцінскай Расіі. Неаднойчы наведвала Маскву. У 2014-м прызнала Крым расійскім, заявіўшы, што вынікі фіктыўнага рэферэндуму на паўвостраве аб уваходжанні ў склад РФ «не выклікаюць аніякіх спрэчак».

Глядзіце таксама

Паўнамаштабнае ўварванне расіян ва Украіну ў 2022-м прымусілі палітыка скарэктаваць пазіціыю. Крамлёўскую агрэсію Ле Пэн асудзіла, хаця ў пытанні санкцый супраць РФ заклікала ЕС да «збалансаваных» рашэнняў.

Тым не менш шматгадовая прыязнасць да Уладзіміра Пуціна дае падставы меркаваць, што Марын Ле Пэн застаецца лаяльнай да Крамля. У адваротнай сімпатыі ўвогуле сумнявацца не даводзіцца. Маскве была б выгаднай перамога гэтай ультраправай жанчыны на прэзідэнцкіх выбарах у Францыі. Паводле апытанняў, за яе ў першым туры гатовая прагаласаваць траціна выбаршчыкаў, і гэта фаварыцкі паказчык. Праўда, судовым рашэннем ад удзелу ў электаральнай кампаніі Ле Пэн адхіленая.

Джарджэску: Расследаванне за цікток-ботаў з РФ

Румынскі палітык Кэлін Джарджэску праз першы тур прэзідэнцкіх выбараў ужо прайшоў і нават перамог там, набраўшы амаль 23% галасоў. Але гэты першы тур аказаўся для яго і апошнім.

Вынікі галасавання былі ануляваныя рашэннем румынскага канстытуцыйнага суда. Там пастанавілі: пераможца, які балатаваўся як незалежны кандыдат, нелегальна атрымліваў фінансаванне на сваю перадвыбарную праграму, а ўвогуле ў працэс абрання прэзідэнта актыўна ўмешвалася Масква. Заяўлялася, у прыватнасці, што ў Цік-Току за Джарджэску актыўна агітавалі дзясяткі тысяч расійскіх ботаў. Гучалі ацэнкі, што такая раскрутка каштуе шмат мільёнаў, тады як у афіцыйнай дакументацыі пры сваім вылучэнні палітык пазначыў выдаткі на сваю кампанію ў памеры 0 еўра.

Глядзіце таксама

Сёлета ў лютым Джарджэску быў затрыманы, але неўзабаве выйшаў на волю з забаронай на публікацыі ў сацсетках на 60 дзён. Супраць яго распачата расследаванне. Сярод абвінавачванняў не толькі фінансавыя злоўжыванні, але і распаўсюд ілжывай інфармацыі, а таксама датычнасць да стварэння арганізацыі фашысцкага кшталту. У выбарах, якія перанесеныя на травень 2025 года, ён удзельнічаць не зможа.

У галаве гэтага чалавека жывуць дзіўныя ідэі. Ён вінаваціў ЗША ў расійскай агрэсіі ва Украіне, а саму Украіну называў «выдуманай дзяржавай». Хваліў Пуціна і дапускаў, што частка заходніх украінскіх тэрыторый можа ў будучыні ўвайсці ў склад Румыніі. Адмаўляў высадку чалавека на Месяцы і казаў, што нейкія таемныя сілы чыпіруюць людзей праз газаваныя напоі.

Зразумела, расследаванне па сваёй справе Джарджэску лічыць палітычным пераследам. 1 сакавіка ў яго падтрымку прайшоў мітынг у Бухарэсце, у якім удзельнічалі каля 30 тысяч чалавек. Але працяглымі пратэсты не атрымаліся.

Додзік і Гуцул: Сепаратызм, карупцыя і крамлёўскі ўплыў

Боснія і Герцагавіна і Малдова не ўваходзяць у Еўрасаюз, але з’яўляюцца краінамі-кандыдатамі. Зразумела, што ў абедзвюх ёсць агенты расійскага ўплыву. Так атрымалася, што і там, і там яны прадстаўляюць нацыянальныя аўтаноміі.

У Босніі і Герцагавіне гэтыю нішу займае Міларад Додзік — лідар Рэспублікі Сербскай. Сваіх знешнепалітычных прыярытэтаў ён не хавае. Так, падтрымлівае Расію, як, дарэчы, і лукашэнкаўскую Беларусь. Спраўна бывае з візітамі ў Маскве і Мінску. Расійскае ўварванне ва Украіну на яго паводзіны не паўплывала.

Глядзіце таксама

У 2023 годзе супраць Додзіка ўзбудзілі справу, калі ён адмовіўся падпарадкоўвацца федэральным уладам. Боснія і Герцагавіна з’яўляецца шматэтнічнай дзяржавай і ўладкаваная досыць складана. Там ёсць пэўная палітычная нестабільнасць, таму ў дзяржаве дзейнічае Вярхоўны прадстаўнік ад міжнароднай супольнасці, які валодае пэўнымі паўнамоцтвамі (цяпер гэтую пасаду займае немец Крысціян Шмідт). Вось менавіта супраць яго рашэнняў выступіў Додзік, адмовіўшыся іх выконваць.

Менавіта за такія дэмаршы супраць федэральный згоды сербскага палітка даўно называюць сепаратыстам. Раней усё абмяжоўвалася крытыкай, але гэтым разам справа дайшла да суда. 26 лютага Додзіка прысудзілі да аднаго года зняволення і забароны цягам шасці гадоў займаць дзяржаўныя пасады.

Палітык здолеў пазбегнуць пакарання, бо паспеў пакінуць краіну. 1 красавіка стала вядома, што ён знаходзіцца ў Маскве. У Босніі ён быў абвешчаны ў вышук.

У Малдове расійскі ўплыў рэалізуецца праз Ілана Шора — былога бізнесоўца, якога яшчэ ў 2015-м, у 28 гадоў, абвінавацілі ў адмыванні і крадзяжы грошай. Гаворка ішла пра мільярд долараў, выведзеных з банкаў краіны. Яму прысудзілі 7,5 гадоў зняволення, але мужчына своечасова націснуў на газ і ўцёк за мяжу. Адтуль цяпер і «лялькаводзіць» пад крамлёўскім прыкрыццём, імкнучыся развярнуць на 180 градусаў еўраінтэграцыйны кірунак Кішынёва.

Галоўным проксі збеглага аліхарха з’яўляецца Яўгенія Гуцул — прарасійская кіраўніца (башкан) аўтаномнай Гагаузіі. Малдова ўсяляк змагаецца з умяшаннем Масквы ў свае справы і дзейнасцю гагаузскага палітыка зацікавілася адразу. У выніку яшчэ ў 2022 годзе супраць яе была ўзбуджаная крымінальная справа. Сутнасць абвінавачання — сістэматычны ўвоз у краіну з РФ грошай на барацьбу з праеўрапейскімі ўладамі.

Расследаванне рухалася марудна, і толькі ў 2024 годзе пачаўся судовы працэс. Ён працягваецца дагэтуль, але сёлета 25 сакавіка здарылася важнае — абвінавачаную затрымалі ў аэрапорце Кішынёва пры спробе пакінуць краіну.

Гуцул пагражае ад 2 да 7 гадоў пазбаўлення волі з забаронай займаць дзяржаўныя пасады. Вядома ж, малдаўская апазіцыя і крамлёўскія медыя заяўляюць аб палітычным пераследзе палітыка. Прарасійскі настроеныя гагаузы спрабуюць пратэставаць, але вялікага маштабу іх маніфестацыі не маюць.

Дэмакратыя пазбаўляецца цнатлівасці

Чатыры выпадкі за кароткі тэрмін — гэта не выпадковасць. Але чаму ў лагоднай Еўропе раптам пачалі аддаваць пад суд прарасійскіх і ўльтраправых палітыкаў? Гэта ўвогуле законна? І ці не бяруць прыклад дэмакратычныя краіны з аўтакратый, якія сваіх апанентаў садзяць за краты з лёгкім сэрцам, оптам і ўраздроб?

Пытанняў шмат — шмат і адказаў. Галоўны — Стары Свет сёння жыве ў стане падвышанай трывожнасці.

Трывожнасць гэтую спараджае многае. Той самы знакаміты «правы паварот» — усё большая папулярнасць ультракансерватыўных палітыкаў, якія памнажаюць электаральную падтрымку на фоне папулярызацыі дэмакратычных грамадстваў.

Вайна ва Украіне. Яна працягваецца чацвёрты год, вымагаючы ад заходніх дзяржаў далейшай падтрымкі Кіева. Расія зацята спрабуе наступаць і прыхавана пагражае краінам Усходняй Еўропы. У такой сітуацыі цяжка нешта планаваць далёкімі гарызонтамі, і гэта стварае грамадскую напружанасць.

І, канешне, турбулентнасць за Атлантыкай, дзе з глузду едзе і пугай паганяе Дональд Трамп. Прэзідэнт ЗША страсае свет ледзь не штодзень. То хоча анексаваць Канаду і Грэнландзію. То ўводзіць вар’яцкія гандлёвыя тарыфы. То пагражае Еўрасаюзу страшэннымі наступствамі за тое, што той шмат гадоў «абдзіраў» Амерыку. То шантажуе Украіну, то сімпатызуе Расіі, то адкрыта прызнаецца ў сімпатыях да Пуціна. То заяўляе, што пойдзе на трэці прэзідэнцкі тэрмін насуперак амерыканскай канстытуцыі.

Глядзіце таксама

Уласна, менавіта Трамп і ўвасабляе сабой правакансерватыўны ўхіл у міжнароднай палітыцы. І тут хочаш не хочаш, а пачнеш думаць аб тым, каб трампізм не маштабаваўся, не перакінуўся праз акіян ды не ўкараніўся ў Еўропе.

Адсюль і захады супраць патэнцыйных і рэальных адэптаў гэтай новай і разбуральнай плыні. Супраць замаху на дэмакратыю, які бачаць у дзеяннях Трампа нават яго асобныя прыхільнікі. Супраць трэнду на аўтарытарызм, які прасоўвае самаўлюбёны Дональд.

Але ці дэмакратычна гэта — зразаць Ле Пэн і ёй падобных толькі за тое, што іх погляды вам не падабаюцца? Ці можна ратаваць дэмакратыю такімі метадамі, бо, як той казаў, дастаткова адзін раз пераступіць закон, і закон пераўтворыцца ў кісцень?

Тут будзе адказ пытаннем на пытанне: а хто сказаў, што ў Францыі ці ў Румыніі нешта не па законе? Расійская прапаганда? Ілан Маск?

Да паслуг Марын Ле Пэн сёння ўся судовая сістэма Францыі, прынамсці цяпер — яе апеляцыйная частка. Калі там не атрымаецца даказаць сваю крыштальную сумленнасць, можна звярнуцца ў міжнародныя інстанцыі і нават у Еўрапейскі суд па правах чалавека. Ёсць медыя, якім можна ўсё распавесці. Ёсць плошчы французскіх гарадоў, куды можна беспакарана вывесці на пратэсты мільёны незадаволеных гараджан.

Калі нехта скажа, што калектыўны рэптылоідны Захад не дазволіць нічога дасягнуць, бо трымае ў кулаку ўсе суды, то яму можна параіць паглядзець у бок Германіі. Там ужо колькі часу хочуць прызнаць экстрэмісцкай ультраправую партыю «Альтэрнатыва для Германіі», але нешта ўсё не атрымліваецца. І гэтыя прыхільнікі Крамля працягваюць працаваць у Бундэстагу ў якасці галоўнай апазіцыйнай сілы ФРГ.

Справа не ў тым, што ліберальная Еўропа сёння пазбаўляецца ад палітычных канкурэнтаў, а ў тым, што Еўропа нарэшце пазбаўляецца ад палітычнай цнатлівасці. Пакуль не ўся — толькі некалькі краін, але, выглядае, працэс пайшоў досыць бадзёра.

Раней еўрапейскія дэмакратыі ў пэўным сэнсе пераймаліся тым, як выглядаюць з боку. Вунь той палітык па вушы ў карупцыі, але мы ж не будзем узбуджаць на яго справу, бо скажуць, што гэта наезд на канкурэнта. А той мае падазроныя сувязі з Крамлём, але ж нельга яго чапаць, бо права голасу пазбавяцца яго прыхільнікі — значная частка грамадства.

Прыкладна тая ж логіка спрацавала ў ЗША пры пераабранні Трампа. На ім вісела нізка крымінальных спраў, па некаторых былі вынесеныя абвінаваўчыя прысуды… Ну але не можам жа мы пазбавіць лідара рэспубліканцаў права балатавацца. Не пазбавілі, ён выйграў выбары. У выніку цяпер увесь свет гадае, ці паспее гэты Дональд за чатыры гады паламаць вялікую амерыканскую дэмакратыю і ўсталяваць аўтакратыю.

У Еўропе вырашылі не наступаць на гэтыя граблі, выступіўшы за роўнасць перад законам усіх. Інша справа, ці будуць у такога падыхода пабочныя наступствы. Ці не падвысіць арэол ахвяры папулярнасць ультраправых рухаў. Зрэшты, на гэтае пытанне адказ дасць толькі час.