Замежныя СМІ пра Беларусь: 7–15 лістапада
Нягледзячы на віражы беларускага кіраўніка Лукашэнкі і супярэчлівыя заявы на тэмы Крамля ці агрэсіі ва Украіне, Беларусь была, ёсць і ў бліжэйшы час будзе ваенным саюзнікам Расіі. Пра гэта сведчаць не толькі сумесныя ваенныя вучэнні і адзіная паветраная прастора, але і расійскія аб’екты ваеннага значэння на тэрыторыі самой Беларусі — у Баранавічах, Лідзе, Вілейцы, Брэсце, планы ў Бабруйску. «Delfi» (Літва)
Можа атрымацца, што Лукашэнка, якому вельмі не хочацца долі Януковіча, сам узначаліць працэс. Уласна, што перашкаджае? Ёсць варыянты. У большасці сваёй рызыкоўныя, але можа ж і атрымацца, калі
ўсё зрабіць хутка і раптоўна. Збярэ з бюджэтнікаў Майдан, аб’явіць галоўным ворагам і маскальскім шпіёнам... ды хоць Мясніковіча, напрыклад. Ну і ўсё, далей — пачне будаваць
дзяржаву для беларускага народа. Вось мне і цікава, як у такім варыянце ўсе нашы сумленныя людзі будуць тлумачыць, за што яны любілі Рыгоравіча? Ці будуць хаваць вочы і казаць, што лідар няважны,
галоўнае — народ падняўся і змёў крыламі карумпаваны рэжым? Або тлумачыць, што ён паглядзеў на жахі, якія робяць ДНР-ЛНР на Украіне, і ўстаў на бок народа?
«Русский обозреватель» (Расія)
З высокай верагоднасцю, з мэтай захавання пазіцый на расійскім рынку і падтрымання ранейшай рэнтабельнасці экспарту Беларусь будзе вымушана пайсці на паслабленне сваёй валюты супраць асноўных
сусветных рэзервовых валют і расійскага рубля. Памер і тэрміны дэвальвацыі дакладна сказаць, вядома, складана. Аднак, верагодна, яна адбудзецца ўжо ў наступным годзе і выведзе суадносіны беларускага
і расійскага рубля прыкладна на ранейшы ўзровень, г.зн. паслабленне беларускай валюты павінна скласці каля 20%. Разам з тым, Нацыянальны банк Беларусі можа, вядома, каб падтрымаць экспарт у Расію
пайсці на больш значную дэвальвацыю беларускага рубля. Гэта дазволіць беларускім кампаніям заняць больш моцныя пазіцыі на адзіным еўразійскім рынку тавараў і паслуг. Іншая справа, што платай за гэтае
рашэнне стане рост інфляцыі і сацыяльнай напружанасці ў Беларусі.
«Фінансы» (Украіна)
У беларускім урадзе ідзе ціхая і непрыкметная абывацелю барацьба рэфарматараў і прыхільнікаў планавай эканомікі. Пакуль перамагалі апошнія, паколькі за іх каманду сам прэзідэнт. У той жа час,
назіраючы нейкія прыкметы актыўнасці на знешнеэканамічных франтах, бачачы жорсткія патрабаванні рэформ у абмен на падтрымку і крэдыты, некаторыя мясцовыя эканамісты нясмела мяркуюць, што на чарговыя
выбары Лукашэнка можа пайсці з рэфарматарскімі прапановамі. У гэтым выпадку вялікая частка цяперашняга кабінета міністраў на чале з прэм’ерам можа быць адпраўлена ў адстаўку на бліжэйшым
пасяджэнні, каб планы на будучы год — год выбараў — складала «перспектыўная моладзь». Ці будзе пасля гэтага прэзідэнт выконваць абяцанні па падтрымцы рэформаў
— справа дзясятая.
«Независимая газета» (Расія)
Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 433, якім усталёўваецца памежная тэрыторыя ў межах адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, якія прымыкаюць да дзяржмяжы Беларусі з Расіяй. Эксперты
лічаць, што гаворка можа ісці аб першым кроку па арганізацыі кантролю мяжы з беларускага боку. (...) Чым горш адносіны паміж краінамі, тым больш строгі яе рэжым. І калі раней зоны такой не было, а
цяпер яна з’явіцца, значыць, гэта можа сведчыць пра пагаршэнне адносін паміж краінамі і першым крокам да стварэння паўнавартаснай мяжы.
«Deutsche Welle» (Германія)