Замежныя СМІ пра Беларусь: 10–17 красавіка

Меркаванні экспертаў могуць адрознівацца ў фармулёўках, але ў дыягназе палітолагі сыходзяцца: пацыент нежыццяздольны, але і лячыцца не асабліва жадае. Сыход Уладзіміра Някляева ні на што не ўплывае, а проста пацвярджае татальную дэградацыю апазіцыі. Вынік выбараў не на карысць апазіцыі ўжо відавочны, але на першым плане цяпер змена парадыгмы развіцця апазіцыйных арганізацый. «RFI» (Францыя)



smi4.jpg

Заходнія партнёры запрашаюць Лукашэнку прыняць удзел у саміце Усходняга партнёрства, які павінен адбыцца ў маі ў Рызе, аднак просяць вызваліць некалькіх палітвязняў. Калі не лічыць некалькіх асабліва бескампрамісных сяброў ЕС, такіх, як Вялікабрытанія ці Нідэрланды, якія ніколі не прымуць рэжым Лукашэнкі, большасць заходніх суседзяў Беларусі страцілі надзею дачакацца дэмакратычных зменаў у краіне. Яны гатовыя весці дыялог, прынамсі, датуль, пакуль вераць, што такім чынам ён (Лукашэнка) змагаецца за захаванне незалежнасці Беларусі ад уплыву Крамля. Тым не менш, умовы гэтай гульні патрабуюць, што Бацьку давядзецца і далей дэманстраваць «адлігу». Да чаго прывядзе такая «лібералізацыя», прадказаць нескладана. Услед за адлігай заўсёды пачынаецца паводка. Пытанне толькі ў тым, ці гатовы Бацька да таго, што ўсплыве ў адталай краіне? «Эканомика сегодня» (Расія)
Пуцін губляе саюзнікаў не толькі ў Еўропе, але і на тэрыторыі СНД. Агрэсія і напорыстасць расійскага дыктатара працуюць супраць яго. Нават Беларусь — самая блізкая да пуцінскай Расіі краіна на постсавецкай прасторы — пачынае аддаляцца ад Масквы і паступова вядзе працу па збліжэнні з Еўропай. Вялікая верагоднасць, што пасля з’яўлення ў дзелавой газеце «Взгляд» безапеляцыйнага артыкула на тэму таго, што калі Беларусь не ўвойдзе ў склад РФ, яе ліквідуюць па «ўкраінскім» сцэнары, працэс такога збліжэння паскорыцца.  «Новый рэгион» (Украіна)
Рана ці позна Лукашэнку давядзецца сысці. Цяпер яму 60 гадоў, і ёсць верагоднасць, што ўжо ў выбарах 2020 года ён удзельнічаць не будзе. А значыць, устае пытанне пра пераемніка. Што цікава, беларускія апазіцыйныя палітыкі ў гэтым згодныя з Лукашэнкам, які кажа, што не бачыць аднаго са сваіх сыноў на гэтай пасадзе. Па іх меркаванні, цяперашні прэзідэнт псіхалагічна зусім не гатовы перадаць уладу іншаму, нават уласнаму сыну».  «Профиль» (Расія)
Вельмі сімвалічна, што дэкрэт падпісаны якраз тады, калі прадпрыемствы ў Беларусі сталі масава пераходзіць на няпоўны працоўны тыдзень і пачаліся скарачэнні. У гэтым кантэксце дакумент выглядае мерай ужо не толькі эканамічнай, але і палітычнай. Калі мяжа паміж беспрацоўем і дармаедствам сціраецца, становіцца дадатковым стымулам пераседзець крызіс хай і на галодным пайку, затое на працоўным месцы. «Капитал» (Казахстан)
Еўрапейскія чыноўнікі прызнаюць, што палітыка грэбавання проста замкне Беларусь на Расіі. Акрамя таго, паводзіны расійскага прэзідэнта ва Украіне павялічыла стаўкі, паколькі Лукашэнка паказвае на Пуціна, маўляў, «ёсць дыктатары горшыя, чым я, ці не так?». ЕС пераасэнсоўвае свае падыходы ў адносінах да Беларусі. Гэта не значыць, што Еўрасаюз адмовіцца ад заклікаў да дэмакратыі ці перастане выяўляць салідарнасць з беларускай апазіцыяй. Разглядаюцца спосабы для працы з рэжымам Лукашэнкі: ад візавых пытанняў да падтрымкі сяброўства Беларусі ў Сусветнай гандлёвай арганізацыі. «Economist» (Вялікабрытанія)
Украінскі Майдан пахаваў беларускую Плошчу — стаўку на масавы вулічны пратэст, без якога, па перакананні шматлікіх беларускіх аналітыкаў, змена ўлады ў Мінску немагчымая. «Плошчы» — ці Майдана — баіцца напалоханы беспарадкамі абывацель, баіцца ўражаны ўкраінскім эканамічным крызісам беларускі бізнесмен, баіцца грамадзянін, які перажывае за беларускі суверэнітэт. Асцярога ці нават адказнасць за лёс радзімы — аргумент, які дапамагае «захаваць твар» беларускай апазіцыі, якая разумее, што на пратэстны мітынг сёння не выйдзе ні напалоханы абывацель, ні бізнесмен.  ВВС (Вялікабрытанія)