Замежныя СМІ пра Беларусь: 28 мая — 6 чэрвеня

Краіны СНД імкнуцца альбо нічога не гаварыць з нагоды ўкраінскага крызісу, альбо неяк лавіраваць. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, будучы упэўненым, што Расія ўсё роўна ад яго нікуды не дзенецца, паводзіць сябе адносна незалежна. Ён сустракаўся з выконваючым абавязкі прэзідэнта Украіны Аляксандрам Турчынавым і іншымі прадстаўнікамі новай кіеўскай улады, ён заяўляў, што Украіна застаецца для Беларусі брацкай краінай і г.д. Што ж тычыцца іншых дзяржаў, то ім гэта не трэба. Гэта не іх вайна. «Эхо» (Азербайджан)

Дзеянні Масквы кажуць пра адраджэнне яе імперскіх амбіцый, і Беларусь з Казахстанам могуць паспрабаваць спраецыраваць цяперашнюю сітуацыю на Украіне на сябе. Напрыклад, у Расіі прынята называць беларусаў брацкім народам, але нядаўна гэтак жа называлі і ўкраінцаў, што, тым не менш, калі спатрэбілася, не перашкодзіла Маскве перайсці да выкарыстання ў дачыненні да іх такіх тэрмінаў, як «фашысты» і «бандэраўцы». Ні Беларусі, ні Казахстану не патрэбны аналаг Савецкага Саюза з ваенна-палітычным дамінаваннем Масквы: іх аўтарытарныя лідары больш за ўсё баяцца страціць сваю абсалютную ўладу, а імперскія амбіцыі Расіі актуалізуюць гэтую пагрозу.

«Geopolitika» (Літва)

За студзень-люты 2014 года Венесуэла паставіла ў Беларусь тавараў на 400 долараў. Венесуэла імкліва нарасціла тавараабарот з Беларуссю падчас апошняй беларуска-расійскай "нафтавай вайны", калі Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да паслуг Уга Чавеса, спрабуючы прадэманстраваць незалежнасць постсавецкай рэспублікі ад расійскіх паставак нафты. Пасля крызісу 2011 года ў афіцыйнага Мінска скончыліся рэсурсы на такія маштабныя прапагандысцкія праекты, лічаць эксперты. Яны таксама звярнулі ўвагу на зніжэнне канкурэнтаздольнасці беларускіх тавараў і ў Расіі, дзе канкурэнцыя пасля ўступлення ў СГА істотна вырасла.

REGNUM (Расія)
На папярэдняй сустрэчы лідараў Беларусі, Расіі і Казахстана, якая адбылася 6 мая, Лукашэнка і Назарбаеў усімі сіламі адмаўляліся падпісваць што б там ні было. Таму і выніковы дакумент, пад якім яны ўсё ж паставілі свае подпісы, не кажа нічога канкрэтнага аб асноватворных прынцыпах аб'яднання: так, стварэнне адзінага энергетычнага рынку і агульнай біржы нафты і газу пакінулі на больш позні тэрмін. Пуціну так і не ўдалося пераканаць сваіх паплечнікаў па Еўразійскаму саюзу ў тым, што ён прынясе ім бясспрэчную выгаду. Беларусь і Казахстан па-ранейшаму асцерагаюцца свайго магутнага суседа. Масква прыцягнула іх у саюз абяцаннямі субсідый і крэдытаў у абмен на іх геапалітычныя рэсурсы

«Le Monde» (Францыя)

Аб'яднанне ЕАЭС у цэлым выйгрышна больш за ўсё для Беларусі. Паводле прыкладных ацэнак, гэта дасць яе эканоміцы да трох мільярдаў долараў у год, для іх гэта вельмі вялікія грошы. У Казахстане і Расіі існуе хранічны дэфіцыт тэхнічных спецыялістаў. Тыя, хто атрымліваў адукацыю ў Савецкім Саюзе, — альбо ўжо на пенсіі, альбо блізка, а сістэма падрыхтоўкі пры гэтым была практычна разбурана. У Беларусі ж яна захавалася. Потым беларусы яшчэ сумленныя, добрыя, працавітыя людзі, груба кажучы — яны не крадуць. І будуць вельмі карысныя для Расіі і Казахстана, у прыватнасці, у малым і сярэднім бізнэсе. З магчымых наступстваў варта адзначыць таксама, што Лукашэнка цалкам можа пайсці на частковую прыватызацыю на карысць Расіі і Казахстана. Прыватызацыя, скажам, беларускіх НПЗ, зняла б усе пытанні пра пошліны і іншыя праблемы.

«ТАСС-Аналитика» (Расія)

Адбіраючы ў Пуціна манаполію на перамогу Савецкага Саюза ў Другой сусветнай вайне, Захад аднаўляе гістарычную справядлівасць. Але было б натуральным не абмяжоўвацца запрашэннем у Нармандыю толькі Парашэнкі. Справядлівым у адносінах да мільёнаў беларусаў, якія загінулі ў гады вайны, было б запрашэнне ў Нармандыю і прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Ён, у адрозненне ад Уладзіміра Пуціна, вайну не развязваў.

«Дзеркало тиждня» (Украіна)