Замежныя СМІ пра Беларусь: 28 сакавіка — 4 красавіка

Эксперты называюць дзве асноўныя версіі такіх паводзін (сустрэча з Турчынавым) беларускага прэзідэнта. Першая грунтуецца на тым, што Лукашэнка заўсёды імкнецца падкрэсліць самастойнасць і незалежнасць сваёй палітыкі.



smi4.jpg

На фоне папрокаў у ціску з боку Крамля беларускі прэзідэнт такім чынам спрабуе адстаяць свой імідж моцнага палітыка, які не паддаецца ніякаму ўплыву звонку. Мясцовыя назіральнікі адзначаюць шмат прыкмет таго, што афіцыйнаму Мінску сорамна за сваю падтрымку Расіі. Цёплая сустрэча з Турчынавым магла таксама мець за мэту прадэманстраваць свету, што беларускі лідар застаецца самастойным палітыкам, а не сатэлітам Крамля. Паводле іншай, амаль супрацьлеглай версіі, сустрэча з Турчынавым адбылася не толькі з дазволу Масквы, але і па яе ініцыятыве. Эксперты, якія прытрымліваюцца такога пункту гледжання, зыходзяць з таго, што Беларусь эканамічна несамастойная і на дадзеным этапе мае вялікую колькасць фінансавых праблем, якія пазбаўляюць яе магчымасці праводзіць уласную палітыку.

«Независимая газета» (Расія)

Здавалася, што ўсё — каханне прайшло, завялі памідоры. Але не. Менавіта Аляксандр Рыгоравіч на днях прыняў в. а. прэзідэнта Украіны Аляксандра Турчынава і меў з ім трохгадзінную гутарку. Падрабязнасцяў пра яе мала, але з вялікай доляй верагоднасці можна меркаваць, што Аляксандр Лукашэнка ўзяў на сябе ролю міратворца-перамоўшчыка, каб вярнуць адносіны паміж Украінай і Расіяй хоць бы да прагматычных і дзелавых. Аднак можна сумнявацца, што Аляксандр Лукашэнка кардынальна палепшыць адносіны паміж Кіевам і Масквой, бо сітуацыя склалася патавая, з якой немагчыма выйсці, захаваўшы твар, чаго хочуць усе ўдзельнікі супрацьстаяння.

«Республика» (Казахстан)

Адным з ключавых момантаў сустрэчы Лукашэнкі і Турчынава стала заява аб транспартным калідоры ад Чорнага мора да Балтыкі. «Мы дамовіліся аб тым, што ў бліжэйшы час у рамках існуючай сёння камісіі разгледзім і, калі трэба, пральгатуем гэты транзіт», — сказаў Лукашэнка. Балта-Чарнаморскі саюз — адна з галоўных ідэй у пачатку 1990-х гадоў Беларускага народнага фронту і яго кіраўніка, цяпер палітэмігранта Зянона Пазьняка. Само жыццё прымушае беларускую ўладу ўсё ж прыняць удзел у Балта-Чарнаморскім праекце.

«RFI» (Францыя)

Расійска-ўкраінскае супрацьстаянне здольнае пагоршыць і без таго складанае эканамічнае становішча Беларусі. Асноўная праблема можа заключацца ў страце традыцыйных рынкаў збыту беларускай прадукцыі. У першыя месяцы бягучага года беларускі знешні гандаль працягнуў сумныя тэндэнцыі года мінулага. Калі ў 2013 годзе продаж тавараў з Беларусі за мяжу скараціўся на 19,2 працэнта, або амаль на 9 мільярдаў долараў, то ў студзені скарачэнне склала 8 працэнтаў ад ужо «ўрэзанага» леташняга паказчыка. Эканамісты мяркуюць, што і ў сакавіку сітуацыя будзе не лепшай. Пра гэта сведчаць аб'ёмы беларускіх складскіх запасаў, якія ўвесь час растуць. І супрацьстаянне паміж Расіяй і Украінай уносіць у баланс беларускага знешняга гандлю непажаданыя карэктывы.

«Deutsche Welle» (Германія)