Замежныя СМІ пра Беларусь: 8-14 студзеня

Кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку, які ва ўладзе ўжо 16 гадоў, часта называюць апошнім дыктатарам Еўропы. Але справа Данілы Саннікава дэманструе новую тактыку ў пераследзе ўладамі апазіцыі, якая вяртае нас да сталінскай эпохі, калі дзеці так званых «ворагаў народа» накіроўваліся ў дзіцячыя дамы пасля таго, як іх бацькоў адпраўлялі ў ГУЛАГ.

«The New York Times» (ЗША)

Кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку, які ва ўладзе ўжо 16 гадоў, часта называюць апошнім дыктатарам Еўропы. Але справа Данілы Саннікава дэманструе новую тактыку ў пераследзе ўладамі апазіцыі, якая вяртае нас да сталінскай эпохі, калі дзеці так званых «ворагаў народа» накіроўваліся ў дзіцячыя дамы пасля таго, як іх бацькоў адпраўлялі ў ГУЛАГ.
«The New York Times» (ЗША)
Сфальсіфікаваныя выбары, разбітыя галавы, апазіцыя за кратамі, пабітыя міліцыяй дэманстранты, разбураныя кантакты з Еўропай... Аляксандр Лукашэнка ў чацвёрты раз абвясціў сябе прэзідэнтам з фантастычным вынікам у 80 працэнтаў галасоў. Ён пачуваў сябе абароненым, паколькі ўмела гуляў як з Расіяй, так і з Захадам. Хаця ён пасварыўся з Масквой летам, напярэдадні выбараў яму ўдалося скласці дамову з Крамлём. Хваля гвалту ў Мінску супраць апазіцыі толькі замацуе яго кантакт з Масквой. Спадар Лукашэнка — парыя для Захаду і як ніколі залежны ад Масквы. Захад мусіць размаўляць з Лукашэнкам у адзін голас і аднавіць забарону на візы. Трэба ўстрымацца ад таго, каб узнагароджваць Лукашэнку за вызваленне вязняў. Ён любіць атрымліваць грошы за заложнікаў. Аднак выплата выкупу толькі правакуе яго на захоп новых ахвяр.
«Economist» (Вялікабрытанія)
На прызнанне вынікаў прэзідэнцкіх выбараў уплывае барацьба замежных інвестараў за беларускія актывы. Іх частковы продаж абумоўлены ростам аб’ёму вонкавых займаў Беларусі. Аднак расійскія і заходнееўрапейскія карпарацыі могуць быць зацікаўлены ва ўплыве на беларускую ўнутраную палітыку. Гэта ўяўляе небяспеку для беларускіх уладаў. Яны адцягваюць продаж найбольш важных актываў, спрабуючы знайсці інвестараў з дзяржаў без такога кшталту амбіцый (напрыклад, Казахстан і Венесуэла). Таму магчымасць набыць новыя актывы ў Беларусі для расійскіх інвестараў часцей разглядаецца толькі ў сярэднетэрміновай перспектыве (як у выпадку з МАЗам). Гэта наўрад ці задаволіць расійскі бок.
«Рабкор» (Расія)
Канфрантацыя заразлівая для абодвух бакоў. Рэпрэсіўная машына рэжыму працуе на поўную сілу, але ў той жа час распаўсюджваюцца паведамленні пра тое, як міліцыя абыходзіцца з сотнямі арыштаваных падчас пратэстаў. І гэта ўзмацняе ў людзях незадаволенасць і гнеў. Гвалтоўныя меры, прынятыя Лукашэнкам, дзейнічаюць супраць яго. Ён можа прымусіць сваіх апанентаў да маўчання і спыніць іх актывісцкую дзейнасць, зноў пагрузіць Беларусь у «вялікае бязмоўе» і, падзяліўшы грамадства, выйграць сабе яшчэ некалькі гадоў улады. Але ў выніку такой стратэгіі Лукашэнка пазбавіцца магчымасці пакінуць пра сябе памяць як пра сапраўднага нацыянальнага лідара (а не проста пра чалавека, які доўга пратрымаўся ва ўладзе).
Polit.ru (Расія)
У нядзелю афіцыйны канал беларускага тэлебачання парадаваў дакументальным фільмам «Жалезам па шкле», у якім выкладаецца афіцыйная версія падзей, якія адбыліся 19 снежня. Тлумачыцца, чаму ўлады былі такімі жорсткімі да ўдзельнікаў мітынгу. Афіцыйныя прапагандысты сцвярджаюць, што апазіцыя шчодра фінансавалася з-за мяжы, спрабавала завезці зброю ў краіну і рыхтавала сілавы захоп улады. Праўда, мясцовыя назіральнікі ўжо звярнулі ўвагу, што ў фільме зброя дэманструецца асобна, апазіцыя асобна, у цэлым у фільме не прыводзіцца ніводнага пераканаўчага доказу крымінальных намераў апанентаў Лукашэнкі. Дзверы ў Доме ўраду разбуралі нейкія крымінальныя элементы, прозвішчы якіх нікому ні пра што не кажуць.
«Независимая газета» (Расія)