За і супраць Лютэра

З нагоды 500-й гадавіны Рэфармацыі Германію ахапіла сапраўдная «лютэраманія». Праўда, бурлівыя святкаванні не замінаюць цікавым дэбатам пра спадчыну Марціна Лютэра.

Фота www.mdr.de

Фота www.mdr.de

Лепш за ўсё, пра маштаб урачыстасцяў сведчаць неверагодныя ідэі бізнесменаў, як выкарыстаць у камерцыйных мэтах вобраз Лютэра. У нямецкіх крамах можна набыць памідоры Лютэра (Luther-Tomaten) або цацку «Лютэр» (шмат хто смяецца, паколькі яна нагадвае Дарта Вейдэра, які, як вядома, абраў цёмны бок сілы). Паводле прэ­сы, толькі ў апошні момант Евангелічная царква не дапусціла мегаскандалу — нехта спрабаваў выйсці на рынак з прэзерватывамі, на якіх напісаны славуты выраз Лютэра: «Тут я стаю, і не магу інакш».

Культуролагі ў шоку ад такога рэлігійнага ўгару бюргераў: сярэднестатыстычны немец — не самы вялікі аматар хадзіць у царкву. Усё, што ён ведае пра заснавальніка Рэфармацыі, вельмі часта абмяжоўваецца клішэ-анекдотам пра тое, як у 1517-м Лютэр прыбіў на дзверы царквы ў Вітэнбергу свае 95 антыпапскіх тэзісаў.

Таму феномен папулярнасці Лютэра тлумачыцца агульным уплывам пратэстантызму на нямецкую культуру. Такія фішкі Рэфармацыі, як прагматызм, музычныя спевы, строгая вопратка, сталі нямецкім культурным кодам. Рэфармацыя нават паўплывала на нормы мовы. Падчас перакладу Бібліі на нямецкую Лютэр імкнуўся пісаць так, каб тэкст лёгка разумеўся простымі людзьмі. Гэта зрабіла Біблію Лютэра народнай кнігай у Германіі, што спрыяла стварэнню моўнага літаратурнага стандарту.

Юбілей Рэфармацыі, як і любое іншае свята, не абышоўся без вылазак крытыкаў. Напрыклад, вядучы бізнес-часопіс «Wirtschaft Woche» ўспрымае цяперашнюю «лютэраманію» як здзек з Лютэра, які крытыкаваў Ватыкан за раскошу. Што б сказаў Лютэр, калі б даведаўся пра тое, што цяперашні юбілей Рэфармацыі каштаваў 3 мільярды еўра?

Гісторыкі звяртаюць увагу на тое, што тэзісы Лютэра сталі бомбай з гадзіннікавым механізмам пад грамадскі парадак. Тагачасны тэзіс Лютэра — пратэст супраць існуючых парадкаў адпавядае Божаму слову — адразу падхапілі ідэолагі радыкальных сацыяльных рухаў. Яшчэ пры жыцці яны спрабавалі будаваць Царства Божае на зямлі, напрыклад, у выглядзе мюнцэраўскай камуны.

Спробы аказаліся правальнымі, аднак яны далі штуршок паступоваму фармаванню камуністычнай ідэалогіі. Не дзіўна, што ў ГДР тая ж мюнцэраўская камуна разглядалася як першая спроба пабудову сацыялізму на нямецкай зямлі. Адна з аўтарак самай вядомай нямецкай тэрарыстычнай групоўкі «Фракцыя Чырвонай Арміі» (RAF) Гудрун Энслін была вядомая як фанатычная пратэстантка. З асяроддзя пратэстантаў паходзіць і Фрыдрых Ніцшэ — кумір правых радыкалаў, якія, дарэчы, шанавалі Лютэра за яго антысемітызм.

Бацьку Рэфармацыі таксама закідваюць і палітычны раскол Германіі. Каталіцкая і пратэстанцкая фракцыі нямецкай эліты ваявалі паміж сабой амаль да Вестфальскага міру (1648 год). Аб’яднання краіны давялося чакаць яшчэ амаль 200 гадоў.

Аднак ёсць і апаненты. З’яўленне ў Еўропе радыкальнага пратэстанцкага кола прымусіла ўлады перайсці да практыкі рэпрэсій. Адной з самых папулярных формаў выратавання ад пераследу для пратэстантаў стала эміграцыя ў Новы свет. Лічыцца, што дух першых місіянераў з часам заклаў фундамент кодэксу знешняй палітыкі ЗША, які стаў разглядацца як глабальны праект. Нельга таксама не ўзгадаць Макса Вебера, які лічыў, што якраз пратэстанцкая аскеза стварыла этыку чалавека ва ўмовах капіталізму.

Калі ўжо гутарка пра аскезу, як прайсці міма апошняга артыкула ў брытанскім часопісе «Economist»? Журналісты вылічылі пратэстантаў у цяперашнім першым эшалоне нямецкай улады — і былі шакаваныя. Да пратэстанцкіх вернікаў належыць канцлер Ангела Меркель (яна дачка пастара), міністр фінансаў Вольфганг Шаўбле і іншыя ключавыя фігуры. Такі пасьянс дазволіў брытанскаму часопісу сцвярджаць: сакрэт нямецкага эканамічнага цуда звязаны з рэлігіяй. Маўляў, для Меркель і яе міністраў-пратэстантаў неабходнасць эканоміць разглядаецца як маральны імператыў яшчэ больш працаваць.

Гэта дастаткова правакацыйны падыход. Атрымліваецца, што ў канцлера-каталіка ва ўмовах крызісу проста апусціліся б рукі — вера дыктавала б яму ўспрыняць тыя ж эканамічныя праблемы як нейкую Божую кару? Гісторыя не пакідае на такой тэорыі каменя на камяні. Дастаткова ўзгадаць імёны такіх канцлераў-каталікоў, як Конрад Адэнаўэр — заснавальнік ФРГ і яе эканамічнай мадэлі, або Гельмут Коль — канцлер адзінства. Больш за тое, прыналежнасць да Касцёлу толькі спрыяла росту міжнароднай ролі ФРГ, паколькі каталікі, як лічыцца, бачаць свет больш глабальна.

Нарэшце, дыскурс — хто больш зрабіў для Германіі, каталікі або пратэстанты, як Лютэр паўплываў на нацызм і гэтак далей — не выходзіць за старонкі «разумнай» прэсы. Абсалютная большасць немцаў сёння бачаць у Лютэры перш за ўсё чалавека, які сваім прыкладам давёў: альтэрнатыва заўжды магчымая.