Вытворца «Баржомі» перадасць кантроль у кампаніі ўраду Грузіі
Кампанія-вытворца мінеральнай вады «Баржомі», якая належыць расійскай структуры «Альфа-Груп», гатовая бязвыплатна перадаць ураду Грузіі кантрольны пакет акцый.
Вытворца вады «Баржомі»
IDS Borjomi International паведаміла, што кампанія «пасля перамоваў з урадам Грузіі афіцыйна прапануе ўраду Грузіі
бязвыплатную перадачу долі. Гэты крок дасць ураду Грузіі магчымасць
удзельнічаць ва ўпраўленні міжнароднай кампаніяй».
Гэта рашэнне, нібыта, таксама дазваляе аднавіць вытворчасць і захаваць працоўныя месцы на заводах фірмы IDS Borjomi Georgia.
Нагадаем, у канцы красавіка IDS Borjomi Georgia распаўсюдзіла заяву аб прыпыненні працы двух сваіх прадпрыемстваў па разліву мінеральнай вады. Кампанія трапіла ў складаную сітуацыю пасля пачатку вайны ва Украіне. Некаторыя краіны адмовіліся закупляць у кампаніі ваду па палітычных прычынах.
Заснавальнік «Альфа-Груп» Міхаіл Фрыдман быў унесены ў санкцыйны спіс.
IDS Borjomi International была заснаваная ў 2002 годзе і аб'ядноўвае прадпрыемствы па вытворчасці бутыляванай мінеральнай вады ў Грузіі, Расіі і на Украіне.
Структура «Альфа-Груп» валодае кантрольным пакетам IDS Borjomi International (55,8%), які набыла ў спадчыннікаў грузінскага бізнесоўца Бадры Патаркацышвілі ў 2013 годзе.
Кампаніі групы валодаюць правамі на разліў мінеральнай вады ў Грузіі — Даліна Баржомі (асноўная ліцэнзія дзейнічае да 2034 года), у Расіі — горада Ліпецк, Кастрама і Новасібірск, а таксама на Украіне — Міргарад, Моршын і Трускавец (самыя вядомыя брэнды — «Баржомі», «Святой источник», «Моршинская» і «Миргородская».