Вялікабрытанія. Пасля канфедэратападу — нельсанапад?

Брытанская прэса з вялікай цікавасцю назірае за дэбатамі ў ЗША наконт лёсу мемарыялаў лідарам рабаўладальніцкай Канфедэрацыі.

london_velikobritaniia_21.jpg

Справа ў тым, што на Альбіёне хапае помнікаў героям захопніцкіх каланіяльных войнаў. Натуральна, частка грамадства даўно патрабавала знесці мемарыялы каланізатарам, аднак гэта тычылася толькі вельмі адыёзных фігураў. 


Дзякуючы падзеям у ЗША брытанскія рэвізіяністы гісторыі замахнуліся на асобу Гарацыя Нельсана — героя вайны з Напалеонам. Па сутнасці, перамога Нельсана ў славутай Трафальгарскай бітве выратавала Вялікабрытанію ад інтэрвенцыі французаў. 


Між тым высвятляецца, што адмірал таксама быў моцна звязаны з гандлем рабамі. Вядома, што ён някепска ставіўся да фактаў масавых гвалтаванняў брытанскімі жаўнерамі жанчын у калоніях. 


Адным словам, Нельсан стопрацэнтна не пасуе сучасным стандартам палітычнай карэктнасці. Адсюль заклікі — знесці калону ў гонар адмірала на цэнтральнай плошчы Лондану. 


Між тым, некаторыя непакояцца, што пасля Нельсана пачнуць руйнаваць помнікі манархам. Практычна ўсе англійскія каралі былі наўпрост або ўскосна датычныя да злачынстваў у каланіяльных войнах.

Паводле брытанскай прэсы