Варшаўская паліцыя змагаецца за чыстае паветра
За спальванне пластыкавых бутэлек у Варшаве можна атрымаць штраф у памеры ад 115 да 1115 эўра.
Польскае радыё са спасылкай на Gazeta Wyborcza паведамляе, што варшаўская муніцыпальная паліцыя атрымала ад улад сталіцы пяць аўтамабіляў, абсталяваных сучаснай тэхнікай. Задача аўто, якія з'яўляюцца свайго роду лабараторыямі на колах, — выкрываць забруджанне паветра ў Варшаве.
Справа ў тым, што ў прыватным сэктары сталіцы (і не толькі сталіцы, у іншых польскіх гарадах і вёсках таксама) многія жыхары ў халодны пэрыяд спальваюць ня толькі цвёрдае паліва кшталту вугля альбо паліўных гранул, але й іншыя рэчы ды рэчывы, у многіх выпадках шкодныя, напрыклад, пластыкавыя бутэлькі. З-за гэтага ў пэўных месцах дапушчальныя дозы ўтрымання шкодных рэчываў у паветры перавышаюць нормы ў дзясяткі ды нават сотні разоў.
І вось цяпер той, хто займаецца такім незаконным дзеяннем, павінен баяцца паліцэйскіх з рэферата экалагічнага нагляду. Ім хопіць пад’ехаць пад дом, з коміна якога валіць дым, замерыць узровень утрымання шкодных рэчываў у паветры, і ў выпадку перавышэння нормаў можна выпісваць штраф. А штрафы немалыя: ад 500 злотых да 5 тыс. – гэта ад 115 да 1115 эўра. Пры гэтым варшаўская муніцыпальная паліцыя заклікае жыхароў сталіцы паведамляць пра свае падазрэнні наконт атручвання паветра: хопіць заўважыць, што з коміна нейкага дому альбо вілы валіць чорны дым. Дарэчы, муніцыпальныя паліцэйскія маюць права ўвайсці на тэрыторыю прыватнага дома й праверыць, што яго ўладальнік паліць у катле. Адзіны мінус такі, што гэта дазволена ад 6:00 да 22:00.
Паліцэйскія з экалагічнага рэферату зазначаюць, што калі варшавяне даведаліся пра новы набытак сталічнай паліцыі, то пачалі званіць з паведамленнямі пра тое, што сусед атручвае паветра. Тэлефанаванні адбываюцца перш за ўсё з мікрараёнаў, дзе шмат прыватных дамоў, паведамляе Gazeta Wyborcza.