Украіна ўнесла ў ААН новую рэзалюцыю па Крыме
Украіна ўнесла ў ААН новы праект рэзалюцыі аб парушэннях правоў чалавека ў Крыме. Пра гэта паведамляе «Укрінфарм» са спасылкай на спікера пастаяннага прадстаўніцтва Украіны пры ААН Алега Нікаленка.
Суаўтарамі дакументамі выступілі 34 краіны. Па словах Нікаленкі, галасаванне па праекце рэзалюцыі запланавана на сярэдзіну лістапада. Мэта дакумента — «кансалідаваць падтрымку Украіны ў пытанні дэакупацыі ўкраінскага паўвострава», а таксама забяспечыць доступ у Крым для міжнародных арганізацый.
«У прыватнасці, у ёй змяшчаецца патрабаванне да Расіі выканаць часовыя меры загаду Міжнароднага суда ААН адносна адмены забароны Меджліса крымскотатарскага народа, а таксама падкрэсліваецца неабходнасць забеспячэння навучання на ўкраінскай і крымскататарскай мовах», — падкрэсліў Нікаленка.
Раней кіраўнік МЗС Украіны Павел Клімкін назваў новую рэзалюцыю па Крыме «жорсткім праектам», які асуджае дзеянні Расіі «ў дачыненні да допуску міжнародных арганізацый і гуманітарных арганізацый у акупаваны Крым».
Папярэднюю рэзалюцыю аб правах чалавека ў Крыме ААН прыняла ў канцы 2016 года. «За» прыняцце дакумента прагаласавалі 73 краіны, 26 дзяржаў, у тым ліку Расія, выступілі супраць. Для прыняцця дакумента, згодна з рэгламентам, неабходна адабрэнне большасці краін-удзельніц ААН.
Крым увайшоў у склад Расіі ў 2014 годзе па выніках рэферэндуму, на якім далучэнне падтрымалі большасць жыхароў паўвострава. Украіна лічыць Крым «часова акупаванай тэрыторыяй» і не прызнае вынікі рэферэндуму, як і большасць краін свету.
Паводле tvrain.ru