Украіна. «Слуга народа» — «меншае зло»

Давер да прэзідэнта Украіны, кіраўніка партыі «Слуга народа» і былога акцёра шоу «95-ты квартал», упершыню з моманту яго перамогі на выбарах стаў негатыўным.

1571720899_0_37_3071_1764_600x0_80_0_0_e23f514fbdedc53b1c2ec8fa725e82ae.jpg

Пра гэта сведчаць даныя сацыялагічнага даследавання, праведзенага цэнтрам «Сацыяльны маніторынг», апублікаваныя 23 чэрвеня. На сёння Зяленскаму цалкам давяраюць толькі 13% рэспандэнтаў, хутчэй давяраюць — 28,3%. Такая дынаміка падзення рэйтынгу ўлады абяцае цікавую і напружаную выбарчую кампанію, бо ўвосень пройдуць мясцовыя выбары. Відавочна, што многія партыі паспрабуюць перахапіць былы электарат Зяленскага. Зрэшты, паколькі выбаршчыкі Зяленскага прадстаўляюць рускамоўныя поўдзень і ўсход Украіны, хутчэй за ўсё, калектыўнае расчараванне ў «слугах народа» ўзмоцніць «партыі антымайдану». Таксама чакаюць росту цікавасці да лакальных палітыкаў.
Нягледзячы на падзенне папулярнасці, шанцы Зяленскага і яго структуры па-ранейшаму каціруюцца высока. Яго галоўныя супернікі — як у прарасійскім, так і нацыяналістычным лагерах — звязаныя з ненавіснымі алігархамі. Таму ў сітуацыі канчатковага выбару людзі, хутчэй за ўсё, будуць галасаваць за «меншае зло» ў асобе «Слугі народа». Аднак, як адзначаюць спецыялісты, спакойнага жыцця ў прэзідэнта не будзе. Большасць электарату ўсіх партый выступае за моцнага лідара краіны (што яўна не пасуе Зяленскаму).