Украіна патрабуе роспуску «ДНР» і «ЛНР» і кантролю над мяжой
Украіна перад пачаткам выканання палітычных пунктаў мінскіх пагадненняў патрабуе, сярод іншага, роспуску так званых «ДНР» і «ЛНР» і аднаўлення кантролю над расійска-ўкраінскай мяжой у Данбасе, перадае Радыё Свабода.
Аб патрабаваннях украінскага боку напісала ў фэйсбуку прэс-сакратарка прадстаўніка Украіны на перамовах у Мінску Леаніда Кучмы Дар’я Оліфер.
Сярод патрабаванняў — поўнае спыненне агню, забеспячэнне працы місіі АБСЕ на ўсёй тэрыторыі Украіны, у тым ліку мяжы з Расіяй, вывад з тэрыторыі Украіны замежных войскаў і вайсковай тэхнікі, развядзенне сіл у Данбасе, гарантаванне на непадкантрольных Украіне тэрыторыях працы ўкраінскіх выбарчых камісій, партый і СМІ.
Толькі пасля гэтага магчыма правядзенне выбараў у Данбасе і ўвядзенне асаблівага статусу асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей.
На сустрэчы ў Мінску 15 кастрычніка прадстаўнікам Украіны і прарасійскіх сэпаратыстаў не ўдалося дамовіцца аб развядзенні войскаў у Данбасе.
Прадстаўнікі Украіны заявілі, што для развядзення неабходна захаваць замірэнне на працягу 7 дзён, чаго не адбылося.
Прадстаўнікі сепаратыстаў раней выступалі супраць большасці названых напярэдадні патрабаванняў Украіны.
Расія ж заяўляе, што без згоды сепаратыстаў выкананне мінскіх пагадненняў немагчымае.
svaboda.org