У Чарнобыльскай пушчы пяты дзень гарыць лес
Па стане на 7 раніцы 13 жніўня сітуацыя з пажарам на тэрыторыі комплексу лясной гаспадаркі "Чарнобыльская пушча" ў зоне адчужэння кантралюецца, тушэнне працягваецца.
Пра гэта паведамляе прэс-служба Дзяржаўнай службы па надзвычайных сітуацыях Украіны.
"На працягу 12 жніўня працягвалася тушэнне ляснога пажару, які ўзнік 9 жніўня на тэрыторыі комплексу лясной гаспадаркі Чарнобыльская пушча ў зоне адчужэння і безумоўнага (абавязковага)
адсялення паміж былымі вёскамі Буда Варовічы і Каўшылаўка на плошчы каля 60 га асобнымі ачагамі", — гаворыцца ў паведамленні.
Адзначаецца, што да тушэння пажару прыцягнутыя 164 чалавекі і 41 адзінка тэхнікі. Для тушэння пажару авіяцыяй 23 разы скідвалі ваду.
Папярэдняй прычынай пажару ў Чарнобыльскай зоне называюць падпал.