У Беластоку зробяць імплант носа сабаку, які трапіў у пастку
Сёння, 21 сакавіка, у шпіталі для звяроў “Болілапка” ў Беластоку адбудзецца аперацыя носа сабаку, які трапіў у пасткі. Паранены сабака быў знойдзены паблізу Бельска-Падляшскага падчас Калядаў.
Парыс, бо так называецца знайдун, дзякуючы прадпрыемству з гораду Лодзь атрымае імплант, што дапаможа яму свабодна дыхаць і нармальва жыць.
Параненым сабакам заапекавалася жыхарка Беластока Магдалена Смосарска:
— Вырашылі, што знойдзем сапраўдны імплант, які маюць людзі. Знайшлі фірму, якая робіць імпланты для людзей, напісалі ім мейл. Нават не спадзяваліся на адказ, думалі, што кошт за такі індывідуальны імплант будзе каласальны. Атрымалі адказ пазітыўны, кошт імпланту – злоты. Такім чынам маем імплант для аперацыі сабаку.
Імплант падрыхтавала Індывідуальная Лабараторыя медыцынскіх імплантаў, што працуе тэхніпарку ў горадзе Лодзь. Прадпрыемства займаецца стварэннем чалавечых імплантаў, а дапамога Парысу з'яўляецца першай спробай вярнуць да здароўя сабаку.