У Кіеў прыбыла спікер Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША Нэнсі Пелосі
З пачатку вайны тамака пабывалі шматлікія лідары заходніх краін, у тым ліку тыдзень назад дзяржсакратар і міністр абароны ЗША.
У Кіеў прыбыла спікер Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША Нэнсі Пелосі, паведаміў у сваім тэлеграм-канале прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Ён назваў ЗША лідарам у падтрымцы Кіева супраць расійскай агрэсіі і падзякаваў за дапамогу ў абароне суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.
Раней прэзідэнт ЗША Джо Байдэн папрасіў Кангрэс у самыя кароткія тэрміны ўхваліць закон, які дазваляе вылучыць 33 млрд даляраў на ваенную дапамогу Украіне, а таксама на эканамічную і гуманітарную падтрымку краіны.
Пакуль невядома, якім шляхам Пелосі дабіралася да Кіева. З пачатку вайны тамака пабывалі шматлікія лідары заходніх краін, у тым ліку тыдзень назад, дзяржсакратар і міністр абароны ЗША. Вядома, што ўсе яны ехалі на некалькіх відах транспарту, прычым на апошняй стадыі на цягніку з Заходняй Украіны да Кіева.
Уладзімір Зяленскі ўзнагародзіў спікера Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША Нэнсі Пелосі ордэнам княгіні Вольгі «за важкі асабісты ўнёсак ва ўмацаванне ўкраінска-амерыканскай міждзяржаўнай супрацы».