У Гродна збіраюць подпісы за наданне Дзядам статусу дзяржаўнага свята
У Гродна сабрана больш за 100 подпісаў за наданне Дню памяці продкаў Дзяды, якое адзначаецца 2-га лістапада, статусу дзяржаўнага свята. Подпісы збіраюць актывісты па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».
Пра тое, як ідзе збор подпісаў, распавядае кіраўнік гарадзенскай гарадской арганізацыі Яўген Дудкін:
— У большасці нашы падпісанты — гэта патрыёты, якія разумеюць, што Дзяды — гэта Дзень памяці памерлых. Гэта каталікі, гэта маладыя сем’і і людзі сталага веку, якія разумеюць, што Дзень кастрычніцкай рэвалюцыі не мае сёння ніякага значэння для грамадства. І адчуваюць, што сям’я — гэта важна, і таму трэба прыходзіць на Дзяды і ўзгадваць памяць продкаў.
На думку Яўген Дудкіна, такога свята, як Дзень кастрычніцкай рэвалюцыі, увогуле не павінна быць у спісе дзяржаўных святаў:
— Каб 2-га лістапада стаў у календары выходным замест 7 лістапада. Бо святкуюць яго камуністы і іх прыхільнікі. А згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, ніводная ідэалогія палітычных партый ці нават рэлігійных суполак не мае права быць абавязковай для ўсяго грамадства. Таму мы спасылаемся на артыкул 2 і 4 Канстытуцыі і ставім за мэту, каб Дзяды сталі абавязкова выходным днём.
Валанцёры па зборы подпісаў спадзяюцца, што цягам 2-х месяцаў па ўсёй краіне ўдасца сабраць некалькі тысяч подпісаў і перадаць іх кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку.