У гэты дзень 40 гадоў таму ў Польшчы пачаліся страйкі супраць павышэння цэн

Кошты на прадукты харчавання ўзняліся на 70% – 100%, што выклікала пратэсты ў Варшаве, Радаме й Плоцку.

Пратэсты ў горадзе Радам. Чэрвень 1976 г.foto: www.czerwiec76.ipn.gov.pl

Пратэсты ў горадзе Радам. Чэрвень 1976 г.foto: www.czerwiec76.ipn.gov.pl


У сярэдзіне 70-х гадоў ХХ стагодззя гаспадарка Польскай Народнай Рэспублікі ўвайшла ў сур’ёзны й глыбокі крызіс, прычынай якога было інтэнсіўнае спажывецтва на працягу папярэдніх гадоў, калі польская ўлада на чале з Эдвардам Герэкам атрымала велізарныя крэдыты, якія замест таго, каб развіваць гаспадарку, скіравала на дынамізацыю спажывецтва (іншымі словамі, грошы праелі).
Адзіным выхадам з сітуацыі, на думку польскага ўраду, было падняцце коштаў на прадукты харчавання, што й было зроблена ў чэрвені 1976 году, калі кошты ўзняліся на 70% – 100%.
Непасрэднай прычынай маніфестацый і страйкаў стаўся выступ кіраўніка ўраду Пятра Ярашэвіча, у якім ён наўпрост не сказаў пра павышэнні. Яго выступ трансляваўся ў жывым эфіры па тэлебачанні й радыё. Па прычыне таго, што насельніцтва прызвычаілася да даволі добрага ўзроўню жыцця, стабільных і ў меру нізкіх коштаў, такі крок уладаў не мог не выклікаць негатыўнай рэакцыі.
Трэба сказаць, што ўлады даволі добра прадчувалі настроі грамадства ды падрыхтаваліся да магчымых бунтаў.
Усе сілавыя структуры былі прыведзены ў вышэйшую баявую гатоўнасць, фарміраваліся спецыяльныя следчыя групы, якія павінны былі быць інфільтраваныя ў шэрагі й калектывы незадаволеных, былі прыгатаваныя месцы ў вязніцах.
Першыя страйкі адбыліся 25 чэрвеня на буйных заводах.
Баставала больш за 90 фабрык і заводаў у Варшаве, горадзе Радам (Radom) і Плоцку. Найбольшай хвалі пратэсты дасягнулі ў Радаме, дзе на вуліцу выйшлі дзясяткі тысяч чалавек, быў нават падпалены будынак партыі. Пратэсты былі жорстка падаўленыя, але яны на розных узроўнях працягваліся амаль увесь год. Незадаволеных звальнялі з працы (з воўчым квітком), арыштаваных збівалі й катавалі. Агульна забастоўкі пракаціліся па 12 ваяводствах (усіх было 46), у іх узялі ўдзел больш за 80 тыс. чалавек.
Урад спалохаўся й адмовіўся ад павышэння коштаў.
Баючыся пагаршэння сітуацыі, аб’явіў пра пачатак грамадскіх кансультацый. Урад увёў купоны на некаторыя спажывецкія тавары, абяцаў кампенсацыю, якая адпавядала б заробкам, яле гэта прыспешыла інфляцыю й паглыбіла праблемы, што ўрэшце прывяло да паўстання шырокага антыкамуністычнага руху «Салідарнасць» і ўвядзення вайсковага становішча ў 1981 годзе.
radyjo.net