У Еўрапарламенце заклікаюць байкатаваць ЧС-2018 у Расіі
Дэпутат Еўрапарламента ад партыі "зялёных" Рэбека Хармс (Rebecca Harms) заклікала палітыкаў і звычайных гледачоў байкатаваць чэмпіянат свету па футболе ў Расіі.
Па словах Хармс, Расія — не тая краіна, у якой варта праводзіць падобны турнір. Палітык адзначыла, што расійскаму прэзідэнту Уладзіміру Пуціну "дастанецца занадта шмат увагі" дзякуючы сусветнаму першынству.
"Ён купаецца ў промнях славы ў прысутнасці замежных гасцей і працягвае праводзіць сваю антыдэмакратычную палітыку", — дадала Хармс і нагадала аб умяшанні Расіі ў справы Украіны і Сірыі. Таксама яна раскрытыкавала стаўленне ў Расіі да апазіцыі і меншасцяў.
Рэбека Хармс назвала "ўзорным" учынак былога прэзідэнта Германіі Ёахіма Гаўка (Joachim Gauck), які адмовіўся наведаць зімовыя Алімпійскія гульні ў Сочы ў 2014 годзе. "Яго прыкладу варта рушыць услед і ў наступным годзе падчас чэмпіянату свету па футболе", — дадала Хармс.
Палітык раскрытыкавала таксама Міжнародную федэрацыю футбольных асацыяцый (ФІФА), паколькі тая праігнаравала абвінавачванні Расіі ў карупцыі і допінгу і ня паселухала заклікі перанесці чэмпіянат у іншую краіну. 25 лістапада інфарматар Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) Рыгор Родчанкаў заявіў, што гатовы даць ФІФА новыя дадзеныя аб ужыванні допінгу расійскімі футбалістамі. Гаворка ідзе пра дзясяткі расійскіх гульцоў, уключаючы чальцоў зборнай Расіі, піша Daily Mail.
Паводле dw.com