Затрымалі экс-прэзідэнта Малдовы Дадона, які сябруе з Лукашэнкам (абноўлена)

Антыкарупцыйная пракуратура і супрацоўнікі Службы інфармацыі і бяспекі Малдовы правялі ператрусы ў доме былога прэзідэнта краіны Ігара Дадона. Пра гэта са спасылкай на Генпракуратуру Рэспублікі паведамляе РІА «Новости».

img_3643.jpg

Дадона падазраюць у атрыманні хабару ад бізнэсмэна Уладзіміра Плахатнюка, а таксама ў дзяржаўнай здрадзе радзімы.

У 2020 годзе экс-дэпутат Юрый Рэніцэ апублікаваў відэазапіс, на якім Дадон, які займаў тады пасаду прэзідэнта, сустракаецца з лідарам Дэмакратычнай партыі Уладзімірам Плахатнюком і яго намеснікам Сяргеем Яралавым. У ходзе гутаркі Дадон атрымаў ад Плахатнюка пакет, у якім, па словах парламентарыя, нібыта знаходзілася буйная сума грошай. Адзначаецца, што сустрэча адбылася летам 2019 года і праз некалькі дзён Плахатнюк пакінуў краіну.

У 2020 годзе антыкарупцыйная пракуратура адмовілася ўзбуджаць супраць Дадона крымінальную справу, паколькі не выявіла прыкмет злачынства. Дадзенае рашэнне падтрымаў суд у Кішынёве, аднак 17 мая Апеляцыйная палата адмяніла гэтае рашэнне.

Раней паведамлялася, што падчас прэзідэнцкага тэрміну Дадона некалькі разоў часова адхілялі ад выканання сваіх абавязкаў.

Напрыканцы 2021 года Ігар Дадон прайграў прэзідэнцкія выбары Майі Санду.

Былога малдаўскага прэзідэнта звязваюць сяброўскія адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам. У жніўні 2020-га ён быў сярод тых нямногіх, хто павіншаваў Лукашэнку з перамогай на выбарах. Потым Дадон прыязджаў у Мінск з неафіцыйным візітам.

UPD. Пазней з'явілася інфармацыя, што Дадона затрымалі на 72 гадзіны.