«Вазьміце мяне, я таксама карысны». Чалы — пра ліст Лукашэнкі генсакратару ААН

«Такое адчуванне, што гэта апошняя адчайная спроба: «Дайце я ўсё скажу, што можна!» — так незалежны аналітык Сяргей Чалы каментуе «Еўрарадыё» ліст Аляксандра Лукашэнкі генеральнаму сакратару ААН Антоніу Гутэрышу.

Нагадаем, што ў сваім пасланні перад сустрэчай з Пуціным кіраўнік Беларусі даў зразумець, што афіцыйны Мінск усё яшчэ спадзяецца стаць міратворцам і гатовы «да прамых сустрэч і іншых крокаў з тым, каб забяспечыць мір». Лукашэнка заклікае сусветную супольнасць аб'яднацца і не дапусціць поўнамаштабнай сусветнай вайны.

Яшчэ ён папярэдзіў ААН, што арганізацыя можа паўтарыць «незайздросны лёс» Лігі Нацый, ну і папрасіў даць «нацыянальныя гарантыі бяспекі Беларусі».

Не трэба вінаваціць іншых у сваіх дзеяннях

Асноўны сэнс укладваецца ў цалкам абгрунтаваную асцярогу, што старая структура бяспекі, якая была ў свеце, перафарматуецца ў выніку гэтага канфлікту, які многія называюць «Чацвёртай сусветнай» або «проксі-вайной». Зразумела, што асноўная віна чамусьці ўскладаецца на Захад, які не змог утрымаць Расію ад нападу на Украіну. Хоць не вельмі зразумела як, таму што часткай гэтай структуры бяспекі быў у тым ліку Будапешцкі мемарандум, які сама ж Расія і разарвала.

Цалкам відавочна, што Украіна павінна перамагчы і параза Расіі павінна быць настолькі значнай, каб у будучыні Крэмль не змог несці пагрозы гэтаму рэгіёну. А Беларусь знаходзіцца ў становішчы, калі яна не можа здрадзіць Расіі па іншы бок гэтай канфігурацыі бяспекі. Яна сапраўды іншая і не будзе супадаць ні з ЕС, ні з ААН, ні з НАТА. Адчуванне таго, што гэта ўсё застаецца «без нас», трывожыць Лукашэнку.

Крызіс ААН ідзе досыць даўно

Наконт ААН трэба разумець важную рэч. Калі адбываюцца рэальна глабальныя канфлікты, у якія ўцягнутыя краіны ўсяго свету, пасля ваеннай перамогі пачынаецца перафарматаванне сусветнай сістэмы дыпламатыі. У тым ліку ў выглядзе стварэння органаў, якія цэментуюць кансэнсус, што склаўся.

ААН — гэта, вядома ж, пасляваенны «Ялцінскі мір», дамоўленасць пра падзел паміж СССР і ўмоўным Захадам, Брытаніяй, мір халоднай вайны. Якая скончылася. Пасля гэтага ААН да гэтага часу не можа знайсці сабе месца.

Тое, што ААН паўторыць лёс Лігі Нацый, найбольш імаверна. Хутчэй за ўсё, будзе створаны нейкі іншы орган. Бо гэты недзеяздольны ў сілу таго, што пастаянны сябар Савета Бяспекі — Расія, якая ёсць спадчынніцай СССР. Расія блакуе любыя рашэнні, звязаныя з асуджэннем яе ж уласных дзеянняў.

Гэтая арганізацыя імпатэнтная, і вырашаць яна нічога не можа. Гэта азначае, што іншая канфігурацыя бяспекі пакіне ўбаку або расфармуе ААН. Як варыянт, Расію выкінуць з ліку краін, якія маюць права вета.

Беларусь за бортам!

Вядома, Беларусі ў ААН ці новай канфігурацыі бяспекі таксама месца не будзе. Вядома, гэта выклікае занепакоенасць. Фокус у тым, што тыя тэндэнцыі, якія Лукашэнку не падабаюцца і якія ён, вядома ж, адчувае, непазбежныя.

Яны ёсць вынікам дзеянняў Расіі і Беларусі, а не кагосьці яшчэ. Наогул, пра які мір можна гаварыць, калі ты хаўруснік краіны, якая ваюе? Адчуванне таго, што мы застаёмся за бортам будучага сусветнага парадку, выклікае досыць вострую рэакцыю. Тыпу, а вось, маўляў, можна мы неяк паўдзельнічаем? А вось не, хлопцы: паколькі вы не здраднікі, вы застаяцеся па іншы бок барыкад.

«А як жа без нас?»

Ідэя «а як жа без нас?» даволі старая, і ўсе ўжо паспелі з яе пасмяяцца. Я ўпэўнены, што ліст Лукашэнкі — не экспромт, а пазіцыя Расіі. Ён яе агучыў.

Больш за тое, Расія пасля гэтага сказала, што хацела б бачыць у якасці боку ўдзельніка і гаранта Беларусь. Таму што спадзяецца мець два галасы замест аднаго, Беларусь жа не здраднік.

Лукашэнка быў зацікаўлены ў хуткай паразе Украіны

Мае сэнс нагадаць: у рэчаіснасці Лукашэнка можа колькі хоча расказваць, які ён міратворац, але ўся яго міратворчасць заключалася ў фразе да Зяленскага: «Здавайся, ты можаш спыніць гэтую вайну». Гэта не міратворчасць.

Гэта як калі людзі б'юцца і ты аднаму кажаш «улупі яму», а другому — «здавайся, не абараняйся». Гэтыя паводзіны процілеглыя міратворчасці. Трэба мець на ўвазе, што і Пуцін і Лукашэнка вельмі адчуваюць, што цягнік гісторыі праходзіць міма іх, і яны адчайна хочуць ускочыць куды-небудзь, маўляў, «вазьміце, я таксама карысны».

Праблема ў тым, што ты сваё месца ўжо абраў.