У Афрыкі будзе свой «шэнген»

Кіраўніцтва Афрыканскага Саюзу (AU) — аналага СНД на Чорным кантыненце, — на саміце арганізацыі прапанавала ўвесці агульную бязвізавую зону для краін-сяброў.

0000021887_afrika.jpg


Цяпер у склад Саюзу уваходзяць усе афрыканскія краіны акрамя Марока, якое незадаволеная сяброўствам у AU непрызнанай дзяржавы Заходняя Сахара.
Як мараць аўтары ідэі «афрыканскага шэнгену», хутка афрыканцы будуць наведваць іншыя краіны рэгіёну без усякіх візаў, што стане сапраўдным імпульсам для лакальных гаспадарак. Так, у Руандзе, якая з 2013-га вольна пускае да сябе усіх грамадзян краін AU, эканоміка штогод расце ўдвая.
Увядзенне агульнай візавай зоны, акрамя ўсяго, уздымае аўтарытэт Саюзу, паколькі дазваляе яму весці перамовы з ЕС аб візавым пытанні ад імя усіх афрыканскіх краін. У прынцыпе, ідэя на месцах спадабалася.
Ужо ў 2018-ым плануецца падпісаць пратакол пра «афрыканскі шэнген» і пачаць запуск праекту. Хаця і скепсісу наконт яго рэалізацыі таксама хапае. Сёння Афрыка знаходзіцца ў стадыі палітычнай турбулентнасці і цяперашнія аматары агульнай візавай зоны могуць проста фізічна не дажыць да саміту AU у 2018-ым.
Паводле нямецкай прэсы