Рэктар Кіеўскага ўніверсітэта падтрымаў пазбаўленне Лукашэнкі ганаровага звання

Філосаф Уладзімір Бугроў, які перамог на выбарах рэктара Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі, падтрымлівае пазбаўленне Аляксандра Лукашэнкі звання ганаровага доктара, прысвоенага рашэннем навуковай рады ў 2009 годзе. Пра гэта піша «Свабода».

taras_shevchenko_national_university_of_kyiv_1_735x400.jpg

«Як сябра навуковай рады, я буду галасаваць за такое пазбаўленне. Я мяркую, што гэта справа гонару. Але ў такіх пытаннях заўсёды вельмі важна выканаць працэдуру, каб мы правільнай мэты дасягнулі правільным чынам», — сказаў Уладзімір Бугроў у інтэрв'ю агенцтву «Інтерфакс-Україна».
У той ж час, рэктар Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта адзначыў, што дагэтуль не было аніводнага прэцэдэнта аб пазбаўленні раней прысвоенага ганаровага звання.
«Гэта пытанне палітычна-прававога характару. Таму я буду прапаноўваць навуковай радзе стварыць камісію з юрыстаў, гісторыкаў і палітолагаў, каб распрацаваць бачанне магчымасці пазбаўлення, каб навуковая рада ўхваліла гэтае бачанне. Калі такая палітычна-прававая магчымасць ёсць, гэта трэба зрабіць», — дадаў Уладзімір Бугроў.