Растоўскі суд апублікаваў прысуд, дзе пацвярджаецца прысутнасць войскаў РФ і ў ДНР і ЛНР

У прысудзе Растоўскага суда знайшлі аповед пра пастаўкі прадуктаў у расійскія вайсковыя часткі ў ДНР і ЛНР. «Напэўна, гэта памылка», — адказалі ў Крамлі, піша «Медуза».

Фота з сайта kapital-rus.ru

Фота з сайта kapital-rus.ru

Суддзя Кіраўскага раённага суда ў Растове-на-Доне Леанард Шолахаў у прысудзе, вынесеным па справе аб пасярэдніцтве ў хабары, згадаў аб пастаўках прадуктаў харчавання «ў воінскія часці Узброеных Сіл РФ», размешчаныя на тэрыторыі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік. Увагу на прысуд, вынесены 10 лістапада, звярнула «Радыё Свабода».

Аднак пасля ўвагі СМІ тэкст прысуду знік з сайта суда, ён застаўся даступны ў веб-архіве. Аб'яднаная прэс-служба судоў Растоўскай вобласці паведаміла, што інфармацыя аб знаходжанні расійскіх вайскоўцаў у самаабвешчаных ЛНР і ДНР грунтавалася «выключна на паказаннях падсуднага».

Намесніка рэгіянальнага кіраўніка ТАА «Тэхналогія» па прозвішчы Забалуеў прызналі вінаватым па артыкуле аб пасярэдніцтве ў хабары. Яго прысудзілі да пяці з паловай гадоў калоніі. Паводле версіі абвінавачвання, у студзені-лістападзе 2019 года Забалуеў перадаў 990 тысяч рублёў ад свайго начальніка кіраўніку цэнтра Дзяржаўнага санітарна-эпідэміялагічнага нагляду Паўднёвай вайсковай акругі.

У прысудзе згадваецца, што ў службовыя абавязкі абвінавачанага ўваходзілі закупка і продаж прадуктаў харчавання, што «прызначаліся для адпраўкі ў воінскія часці Узброеных Сіл РФ, якія дыслакуюцца на тэрыторыі ДНР і ЛНР».

У дакуменце гаворыцца, што «пастаўкі харчавання ў ДНР і ЛНР ажыццяўляліся са склада» адзін раз на два тыдні. Калону фарміравалі з больш чым 70 машын грузападымальнасцю каля 40 тон і агульным аб'ёмам больш за 1300 тон. «У асартымент харчавання, якое пастаўлялася, ўваходзілі мука, кансервы, свежыя гародніна. Сумарны кошт прадуктаў харчавання на адну пастаўку складаў больш за 130 мільёнаў рублёў». З тэксту прысуду вынікае, што пастаўкі праходзілі як мінімум у 2018-2019 гадах.

«Радыё Свабоды» адзначае, што, па прыблізных падліках, пастаўкі 1300 тон харчавання раз на два тыдні хапіла б для забеспячэння прыкладна 26 тысяч чалавек.

Абвінавачаны распавёў, што кожны кіроўца атрымліваў за рэйс 65-80 тысяч рублёў «у сувязі са складанасцю і небяспекай маршруту». На мяжы, паводле яго слоў, з грузавікоў здымалі нумары дзяржрэгістрацыі, вадзіцелі аддавалі дакументы і «пад аховай прымаючага боку ішлі да месца разгрузкі». Перад адпраўкай іх правяраў расіянін у званні маёра, але суд устанавіў, што гэты чалавек не служыў у войску.

Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў, каментуючы тое, што здарылася, сказаў, што ў рэспубліках Данбаса няма расійскіх узброеных сіл. «Ну, напэўна, гаворка ідзе пра памылку тых, хто пісаў гэты тэкст. Таму што гэта немагчыма. Ніякіх Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі на тэрыторыі самаабвешчаных рэспублік не было і няма. Узброеныя сілы Расійскай Федэрацыі ёсць на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Гуманітарная дапамога пастаянна пастаўляецца, вы ведаеце пра гэта. Яна пастаўляецца ў гэтыя рэспублікі. Гэтыя рэспублікі востра маюць патрэбу ў гэтай дапамозе. Але ні аб якіх пастаўках, тых, якія вы працытавалі, гаворкі ісці не можа. Гэта памылка тых, хто складаў гэты дакумент», — заявіў прадстаўнік Крамля.