Расія абяцае «садзейнічаць» палітвязню Дзмітрыю Папову, якога асудзілі на 16 гадоў турмы

Дзмітрый Папоў, якога судзілі па справе апазіцыянера Сяргея Ціханоўскага, атрымаў 16 гадоў турмы ў Беларусі за мадэраванне апазіцыйных паблікаў. У чэрвені палітвязень папрасіў Уладзіміра Пуціна пазбавіць яго грамадзянства праз адсутнасць дапамогі з боку Расіі.

papou_dzm_1.jpg

МЗС Расіі сумесна з пасольствам Расіі ў Беларусі «ўважліва адсочваюць» сітуацыю з грамадзянінам РФ Дзмітрыем Паповым, які атрымаў 16 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму па справе апазіцыянера Сяргея Ціханоўскага. Пра гэта заявіла прадстаўнік міністэрства Марыя Захарава.

Па словах Захаравай, супрацоўнікі амбасады «неаднаразова» наведвалі Папова да вынясення прысуду, а таксама знаходзяцца ў пастаянным кантакце з яго адвакатам.

«Нашы калегі ў Мінску знаходзяцца ў пастаянным кантакце з расійскім грамадзянінам і гатовыя і надалей аказваць яму неабходнае садзейнічанне ў рамках наяўнай кампетэнцыі».


Дзмітрый Папоў быў мадэратарам сацсетак праекта «Краіна для жыцця» блогера Сяргея Ціханоўскага. 14 снежня яго асудзілі да 16 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў, распальванні варожасці «супраць прадстаўнікоў улады» і арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Папоў знаходзіўся пад вартай з лета 2020 года. У чэрвені 2021 года ён напісаў ліст сваёй сястры, у якім папрасіў Уладзіміра Пуціна пазбавіць яго грамадзянства праз адсутнасць дапамогі з боку Расіі. Ён адзначаў, што насуперак заявам Пуціна пра тое, што «Расія сваіх не кідае», фактычна Масква заступаецца за сваіх грамадзян толькі тады, калі гэтая дапамога можа «прынесці палітычныя балы ўладам». Па словах Папова, за год расійскі консул наведаў яго толькі раз.

Паводле meduza.io