Расійскія анлайн-крамы скардзяцца на затрыманні кур'ераў і закрыццё пунктаў выдачы ў рэгіёнах
Расійскія анлайн-крамы скардзяцца на тое, што ў шматлікіх расійскіх рэгіёнах мясцовыя ўлады перашкаджаюць працы кур'ераў, не даюць пастаўшчыкам дабрацца да размеркавальных цэнтраў і прымушаюць закрываць пункты выдачы заказаў.
Асацыяцыя кампаній інтэрнэт-гандлю (АКІГ) заяўляе пра як мінімум 2 тысячы выпадкаў перашкод для працы кур'ераў і пастаўшчыкоў за апошнія дні. Гэта адбываецца на фоне павышанага попыту на многія катэгорыі тавараў, у тым ліку прадукты і бытавую тэхніку.
Пра гэта піша «Коммерсант» са спасылкай на крыніцы на рынку і прадстаўнікоў АКІГ.
У прыватнасці, як распавёў адзін з суразмоўцаў выдання, грузавыя аўтамабілі пастаўшчыкоў, якія едуць у размеркавальныя склады, спыняюць на межах рэгіёнаў, калі яны вязуць нехарчовыя тавары. Мясцовыя ўлады, паводле яго слоў, не ўлічваюць, што анлайн-рытэйлеры, у адрозненне ад звычайных крам, могуць працягваць гандляваць такімі катэгорыямі тавараў. У некаторых рэгіёнах анлайн-крамам выдаюць загады аб закрыцці, якія ў асобных выпадках атрымоўваецца аспрэчыць.
Цяпер праблемы з працай кур'ераў, размеркавальных цэнтраў і пастаўкамі, піша «Коммерсант», вырашаюцца Мінпромторгам літаральна ў ручным рэжыме — праз званкі ў рэгіянальныя дэпартаменты гандлю. Удзельнікі рынка лічаць, што неабходна абмеркаваць пытанне аб бесперашкоднай працы анлайн-крамаў на ўзроўні ўрада.
Паводле meduza.io, www.kommersant.ru