Расія. Татары байкатуюць спартовыя гульні

Кіраўнік самаабвешчанага татарскага ўрада ў выгнанні Віл Мірзаянаў заклікаў амерыканскіх спартсменаў адмовіцца ад удзелу ў Сусветных летніх студэнцкіх гульнях у Казані ў ліпені гэтага года.



67379.jpg

На думку радыкальнага нацыяналіста, удзел спартсменаў у спаборніцтвах, якія прадэманструюць «недасведчаным замежным гасцям дасягненні РФ на татарскай зямлі», будзе супярэчыць закону ЗША PL 86-90 «Аб паняволеных народах», у лік якіх уваходзяць і татары.
 

Мірзаянаў кажа: «Расія праводзіць універсіяду ў Казані з мэтай давесці, што татарскія зямлі з’яўляюцца яе легітымнай уласнасцю». Мірзаянаў паведаміў таксама, што накіраваў зварот пракурору ЗША Эрыку Холдэру з просьбай «прадухіліць удзел амерыканскіх грамадзян у дадзенай універсіядзе як парушэнне закона ЗША», бо «афіцыйны ўдзел любога амерыканца ў гэтых спартовых гульнях супярэчыць закону, бо ігнаруе незаконны характар рускай акупацыі Ідэль-Урал (так нацыяналісты ў Казані называюць татарскую дзяржаву)».

Ініцыятыва Віла Мірзаянава пакуль не знайшла падтрымкі ў асяроддзі татарскіх нацыяналістаў, якія разглядаюць правядзенне Сусветных летніх студэнцкіх гульняў у Казані як піяр рэгіёну для сусветнай супольнасці. Цікава, што тэма байкоту ўніверсіяды вельмі папулярная таксама сярод рускамоўных жыхароў Татарстана. Раней яны таксама пагражалі байкатаваць універсіяду, калі рускай мове не забяспечаць варты статус у татарскіх колах.

Паводле расійскай прэсы