Польшча зноў адправіла гуманітарны канвой на мяжу з Беларуссю
Польскія ўлады вырашылі зноў адправіць гуманітарную дапамогу на мяжу з Беларуссю і «разлічваюць на змену пазіцыі і добрую волю беларускага боку».
Пра гэта паведаміў у Facebook прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі, піша Радыё Свабода. Ён дадаў, што пасля кансультацый з Літвой, Латвіяй і Эстоніяй, «якіх хваля нелегальнай міграцыі закранула раней», Польшча ўводзіць надзвычайную сітуацыю на мяжы з Беларуссю.
«Аднак гэта не азначае, што мы спыняем гуманітарную чыннасць. Мы разумеем, што людзі, якія туляюцца па беларускі бок мяжы, не вінаватыя ў цынічнай гульні Аляксандра Лукашэнкі», — напісаў прэмʼер-міністр Польшчы.
Паблізу памежнай вёскі Горны Уснар на польска-беларускім памежжы заставалася група з двух дзясяткаў мігрантаў з Афганістану. Яны накіроўваліся з Азіі праз Беларусь у Еўрасаюз, але польская памежная варта не прапусціла іх у краіну. Афганцы пачалі жыць на памежжы, дзе знаходзяцца ўжо некалькі тыдняў.
24 жніўня польскія ўлады адправілі да памежнага пераходу ў Баброўніках гуманітарны канвой з намётамі, коўдрамі і раскладнымі ложкамі. Беларусь адмовілася яго прыняць. Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз назваў дзеянні Польшчы «мультымедыя-відовішчам», сказаўшы, што афганцы і без таго знаходзяцца на польскай тэрыторыі. Польскі бок настойвае, што мігранты знаходзяцца на беларускай зямлі.