Польшча. Урад ПіС прыняў 43 законы цягам 100 дзён

Сёння спаўняецца роўна 100 дзён ад прыняцця прысягі ўрадам Беаты Шыдла.



149d4a5a_bca2_40ad76.jpg

За гэты час партыя “Права і Справядлівасць” прыняла 43 законы — усе ўласнага аўтарства.

Падчас прэс-канферэнцыі ў Сілезіі прэм’ер Беата Шыдла заявіла:

— Для нас неістотна, ці гэта 100, 200, альбо 300 дзён. Наш абавязак — рэалізацыя праграмы, якую мы прадставілі і паабяцалі выканаць. Мы дамовіліся з выбарцамі на 4 гады. Мы будзем паслядоўнымі ў тым, што пачалі.

Цягам 100 дзён былі ўведзеныя флагманскія для ПіС праекты: 500 злотых на кожнае другое і наступнае дзіця, банкаўскі падатак, быў адменены школьны абавязак для 6-годак, прадстаўлены праект бясплатных лекаў для асобаў, старэйшых за 75 гадоў.

Крытыкі ўраду Бэаты Шыдла звяртаюць увагу на крызіс, звязаны з працай Канстытуцыйнага суду і прызначэнне кіраўніцтва дзяржаўных кампаній.

Упершыню ад 1989 года адна партыя валодае абсалютнай большасцю ў Сейме. У ПіС — 234 дэпутаты, і для таго, каб кіраваць краінай, ёй не патрэбны кааліцыянт.

У другой па велічыні партыі Сейма — “Грамадзянскай платформы” — 138 галасоў, у Руху Kukiz’15 — 40, партыі “Nowoczesna” — 29, Польскай сялянскай партыі — 16. Тры дэпутаты польскага парламента не маюць партыйнай прыналежнасці.

Сёння ўрад падсумуе першыя 100 дзён свайго кіравання на адмысловай прэс-канферэнцыі.

www.radyjo.net