Закон аб Карце паляка — прыярытэт для польскага ўраду

Упершыню пасля 1989 года да нашых суайчыннікаў паставіліся па-партнёрску, адзначыў Міхал Дворчык, старшынёй Сеймавай камісіі сувязяў з палякамі замежжа.



bba26eea_4477_4f2a35b.jpg

Яшчэ падчас выбарчай кампаніі партыя «Права і справядлівасць» абяцала змену стаўлення да палякаў замежжа. Ці абяцанні стануць рэчаіснасцю? Пра гэта мы размаўляем з дэпутатам Міхалам Дворчыкам, які з'яўляецца старшынёй Сеймавай камісіі сувязяў з палякамі замежжа.

— Ці палякі замежжа з'яўляюцца важным элементам польскай замежнай палітыкі?

М. Дворчык: Так. «Права і справядлівасць» заўсёды ў сваіх праграмах вельмі моцна падкрэслівала ролю палякаў за мяжой — 20 мільёнаў чалавек. Гэта вялікі патэнцыял, але таксама сур’ёзныя абавязацельствы. Асновай нашай супрацы з палякамі замежжа з'яўляецца партнёрскі падыход да ўсіх асяроддзяў, сумленны дыялог. Гэта вельмі вялікія абавязацельствы, асабліва ў дачыненні да тых, хто жыве за ўсходняй мяжой Польшчы, на былых Крэсах Першай і Другой Рэчы Паспалітай. Гэтыя людзі ніколі не выязджалі з нашай краіны, але ў выніку трагічных падзей перасунулася мяжа. Кіруючая партыя мае адназначную пазіцыю: польская дзяржава мае свае абавязацельствы ў дачыненні да палякаў за ўсходняй мяжой.

— Адным з канкрэтных крокаў у напрамку падтрымкі гэтых палякаў з'яўляецца Закон аб рэпатрыяцыі. На якім этапе знаходзіцца праца над гэтым праектам?

М. Дворчык: Цяпер ідзе праца над цалкам новым праектам. Звяртаю ўвагу, што гэта не будзе папраўка існуючага закону, які, дарэчы, не дзейнічае. Парадоксам было тое, што да прыняцця актуальнага закону аб рэпатрыяцыі ў Польшчу пераязджала значна больш людзей. Закон працэс рэпатрыяцыі ўскладніў. Новы праект будзе прадугледжваць удзел дзяржаўнай адміністрацыі ў дапамозе рэпатрыянтам. Я перакананы, што закон будзе прыняты цягам бліжэйшых месяцаў.

— Якая частка нашчадкаў вывезеных палякаў, пераважна ў Казахстан, мае шанец вярнуцца ў Польшчу?

М. Дворчык: Паводле нашых ацэнак, цягам дзесяці гадоў 10 тысяч палякаў з Казахстану зможа прыехаць у Польшчу і тут пасяліцца, карыстаючыся сацыяльнай дапамогай, гарантаванай законам. Гэта не толькі вялікі арганізацыйны, але і фінансавы выклік. Але гэта пэўны маральны доўг польскай дзяржавы, які мы напэўна аддамо.

— У Закон аб Карце паляка таксама будуць унесены папраўкі. Якія мэты перад сабой ставіць урад, уводзячы змены?

М. Дворчык: Сярод многіх паправак ёсць некалькі найважнейшых. Першая з іх тычыцца беларусаў. Яна дае магчымасць падаваць дакументы на Карту паляка не толькі ў консульствах, але і ў ваяводскіх установах у Польшчы. Гэта звязана з тым, што беларускія ўлады забараняюць некаторым прафесійным групам мець Карту паляка. Усе, хто па некаторых прычынах баяцца ісці ў польскае консульства ў Беларусі, змогуць прайсці працэдуру ў Польшчы. Іншым важным пунктам з'яўляецца запіс, што асобы з Картай паляка ў выпадку пагрозы здароўю ці жыццю могуць разлічваць на дапамогу з боку польскай дзяржавы на роўні з польскімі грамадзянамі. Падчас эвакуацыі палякаў з Данбасу і Марыупаля ў 2015 годзе мы заўважылі, наколькі моцна патрэбныя падобныя змены. І яшчэ адна змена. Мы прапануем, каб уладальнікі Карты паляка маглі абменьваць яе на від на жыхарства аўтаматычна, а пасля года атрымліваць грамадзянства. Акрамя гэтага цягам некалькіх першых месяцаў такія асобы атрымлівалі б сацыяльную дапамогу.

— Ці няма пагрозы, што дзякуючы зменам у Польшчу з'едуць маладыя людзі, якія ў польскіх асяроддзях за ўсходняй мяжой адыгрываюць важную ролю, і ў выніку польскасць у гэтых краінах не будзе мець рухавіка для развіцця?

М. Дворчык: Канешне, можна задумвацца над тым, які ўплыў гэта будзе мець на польскае асяроддзе ў краінах былога СССР. Але я хачу звярнуць увагу на тое, як мы павінны ацэньваць змены: упершыню пасля 1989 года, а нават пасля 1939 года, да нашых суайчыннікаў паставіліся па-партнёрску. Трэба даць ім выбар. Усім тым, хто хоча застацца на былых Крэсах, трэба стварыць як мага лепшыя ўмовы для папулярызацыі польскай культуры. А тым, хто вырашыць прыехаць у Польшчу, даць такую магчымасць. Калі яны хочуць прыехаць, мы прымем іх найлепшым чынам. Гэта доўг Польшчы перад палякамі з-за ўсходняй мяжы.

— Дзякуй за размову.

Галіна Остас, www.radyjo.net