Панк: Пасталелая субкультура
Па ўсім свеце, і перш за ўсё ў Вялікабрытаніі, адзначаюць 40-ю гадавіну нараджэння субкультуры панк (punk).
На самай справе, 40 гадоў — дата вельмі ўмоўная, як і версія пра тое, што punk узнік менавіта на Туманным Альбіёне. Брытанская манаполія на punk, напрыклад, актыўна аспрэчваецца амерыканцамі, на думку якіх нешта падобнае (прымітыўная лірыка, музыка, агрэсіўны вакал, нігілістычныя тэксты, хуткі рытм) было ў Нью-Ёрку яшчэ на пачатку 1970-х гадоў. Ёсць нават версія, што такога кшталту музыку палюбілі раней за Брытанію і ЗША ў Перу.
Аднак у брытанцаў ёсць свой забойчы аргумент. Так ці інакш, слова «punk», якое раней ужывалася ў значэннях «бруд», «адкіды», стала ўжывацца як назва асобнай субкультуры менавіта ў Лондане. Назва новага стылю пачала пранікаць у грамадскі лексікон пасля таго, як 12 лютага 1976 года гурт «Sex Pistols» даў канцэрт у адным з вядучых лонданскіх клубаў «Marquee».
Пратэстны і дзёрзкі стыль гурта хутка зацікавіў публіку і прэсу, у чым, безумоўна, ёсць заслуга яе імпрэсарыа Малкальма МакЛарэна і дызайнеркі Вівьен Вествуд. Яны бачылі праект у комплексе — разам з ідэалогіяй і знешнім моцным эстэтычным кодам. У ідэйную аснову стылю punk быў пакладзены прымітыўны анархізм, які фактычна быў абмежаваны наборам дэвізаў: «Будучыні няма», «Панк не памёр»… Што тычыцца эстэтыкі, то Вествуд сыходзіла з ідэі пра тое, што punk — антымода, вульгарнасць і свабода ва ўсіх яе праявах, у тым ліку і ў вопратцы. Адсюль пайшлі каляровы іракез на галаве, пірсінг, тату, ланцугі, майкі са знакамі анархіі і крыклівымі лозунгамі.
Аднак, безумоўна, галоўным прарывам піянеры панка павінны быць удзячнымі каралеве Елізавеце. У разгар святкавання 25-й гадавіны яе каранацыі ўлетку 1977-га ў эфіры з’явіўся сінгл «God Save the Queen», у якім каралева называлася «крэцінкай», а пануючы ў краіне лад — «фашысцкі рэжым».
Песню адразу забаранілі, што, аднак, не перашкодзіла буйным продажам сінглаў і, як следства, выбуху папулярнасці новага стылю. Як прызнавала кансерватыўная газета «The Telegraph», на пачатку 1980-х гадоў стыль punk стаў амаль уніформай маладых людзей у Вялікабрытаніі, а сама мода на punk пайшла гуляць па свеце.
1980-я гады сталі залатой эпохай накірунку. Свой унёсак у рост папулярнасці punk зрабіла і Маргарэт Тэтчэр. Антысацыяльныя рэформы Жалезнай Лэдзі ўзнялі градус напружанасці ў грамадстве, радыкалізавалі культурны свет, выкінулі на вуліцу мноства маладых людзей, якія субліміравалі нянавісць да Тэтчэр у музычныя творы. Імкліва фармаваліся новыя студыі гуказапісу, паўстала цэлыя сетка самвыдату.
Яшчэ больш неверагодны лёс чакаў punk ва Усходняй Еўропе і ў СССР. Нягледзячы на свае левыя, анархісцкія карані, punk адразу стаў тут часткай антыкамуністычнага руху. Хутчэй за ўсё, з’ява была выкліканая тым, што забабоны панкаў абсалютна не адпавядалі кодэксу будаўніка камунізму, які прапаноўваў кашу са спажывецтва і палітычнай лаяльнасці. Найбольш моцна палітызаваная была сцэна панкаў у Польшчы, дзе песні некаторых панк-гуртоў нават выконваліся на маніфестацыях «Салідарнасці». Штогадовы фестываль у Ярочыне, дзе тон задавалі панкі, у грамадстве ўвогуле ўспрымаўся як вольная ад камунізму тэрыторыя. Магчыма, часткова з гэтай прычыны ў палякаў не было комплексаў галасаваць за былога вакаліста аднаго з рок-гуртоў 1980-х гадоў Паўла Кукіза, які атрымаў летась на прэзідэнцкіх выбарах 15 працэнтаў галасоў.
У СССР стыль punk не быў настолькі шырокі, як у Польшчы, праз розныя фактары, у тым ліку з-за дэфіцыту інфармацыі. Найбольш папулярнай крыніцай інфармацыі пра панкаў доўгі час былі блокі ў выпусках праграмы «Міжнародная панарама», дзе людзі з незвычайнымі валасамі і пірсінгам выстаўляліся як неафашысты. Аднак уплыў punk на творчасць таго ж Віктара Цоя і іншых моладзевых куміраў часоў Перабудовы відавочны. У любым выпадку, нянавісць да каштоўнасцяў сістэмы — адзін з пастулатаў punk, стоадсоткава адпавядаў настроям маладых людзей 1980-х гадоў.
Перажыўшы некалькі ўздымаў, даўшы штуршок для развіцца новых накірункаў, сам стыль прыкладна з канца 1990-х гадоў пачаў губляць рэвалюцыйны запал і камерцыялізавацца. Як канстатуе прэса, сёння punk — гэта культурны прадукт, які цалкам стаў часткай ненавіснай яму калісьці сістэмы шоў-бізнесу. Дайшло да таго, што «God Save the Queen» быў выкананы ветэранамі «Sex Pistols» на нейкім канцэрце ў прысутнасці адной з прынцэс, і ўсе пры гэтым засталіся задаволеныя. У пэўным сэнсе ілюстрацыяй згаданай метамарфозы ёсць і цяперашні 40-гадовы юбілей. Праграма святкаванняў у Лондане напоўненая імпрэзамі, накшталт Чэрвеньскага фестывалю альтэрнатыўнай вопраткі ад самых вядомых сусветных брэндаў.
З іншага боку, магчыма, некралогі для punk пішуцца сыходзячы з заходніх рэаліяў. На перыферыі punk дасюль застаецца моцным сродкам культурнай барацьбы за перамены. Можна ўзгадаць і скандал, які выклікаў перфоманс панк-феміністак з гурта «Pussy Riot» «Багародзіца, Пуціна прагані!». А нядаўна інданезійская кансерватыўная прэса занепакоілася ростам у краіне папулярнасці панкаў, якія пагарджаюць ісламскімі традыцыямі.