Назарбаеў назаўсёды
СНД працягвае здзіўляць свет сваім арыгінальным разуменнем дэмакратыі. Апошнімі прарывамі тут былі выбары ў Беларусі і ініцыятыва казахскіх уладаў. У Астане вырашылі прэзідэнцкія выбары
ўвогуле не праводзіць, а працягнуць тэрмін кадэнцыі Назарбаева на 10 гадоў за кошт рэферэндуму. Пра апошнія падзеі ў Казахстане журналіст газеты «НЧ» размаўляе з Андрэем Грышыным,
палітолагам з Алма-Аты.
— Наколькі нечаканай для грамадства аказалася навіна пра рэферэндум?
СНД працягвае здзіўляць свет сваім арыгінальным разуменнем дэмакратыі. Апошнімі прарывамі тут былі выбары ў Беларусі і ініцыятыва казахскіх уладаў. У Астане вырашылі прэзідэнцкія выбары
ўвогуле не праводзіць, а працягнуць тэрмін кадэнцыі Назарбаева на 10 гадоў за кошт рэферэндуму. Пра апошнія падзеі ў Казахстане журналіст газеты «НЧ» размаўляе з Андрэем Грышыным,
палітолагам з Алма-Аты.
— Наколькі нечаканай для грамадства аказалася навіна пра рэферэндум?
— Гэта быў абсалютны сюрпрыз. Тым больш, што пра рэферэндум даведаліся напярэдадні Новага году, калі ўсе расслабіліся. А тут замест салата аліўе — разнарадка збіраць подпісы ў
падтрымку плебісцыту. Палітыкум таксама аказаўся не ў сваёй талерцы. Усе меркавалі, што выбары пройдуць, як і планавалася, у 2012 годзе. Апазіцыя нават пачала выстаўляць кандыдатаў. Самі ўлады
неаднаразова казалі, што чуткі пра рэферэндум не маюць ніякіх падстаў. Сёння высвятляецца, што на самай справе схема была распрацаваная даўно. Нядаўна дэпутат Кайсараў у інтэрв’ю
прагаварыўся, што дэпутатам Еўрапарламента гэтая ідэя была быццам вядомая яшчэ ў кастрычніку мінулага года. Больш таго, яе агучыў сам жа елбасы (па-казахску «лідар нацыі» —
так, адпаведна Кастытуцыі, цяпер гучыць тытул Назарбаева).
— Якая афіцыйная матывіроўка неабходнасці правядзення рэферэндуму?
— Афіцыйная матывіроўка не вытрымлівае ніякай крытыкі — маўляў, каб не марнавацца на непатрэбныя прэзідэнцкія выбары і зэканоміць для радзімы грошы. Усё адно пераможа Назарбаеў, так
навошта яшчэ рабіць нейкія рухі? А грошы, якія можна зэканоміць на выбарах, пойдуць на барацьбу з крызісам. Гэта цалкам супярэчлівая аргументацыя. Вось перада мной «Казахстанская
правда» за 26 студзеня, якая піша наступнае: «Нялёгкія 90-я гады мінулага стагоддзя. Гэта былі сапраўды цяжкія часы, але дзякуючы мудрай палітыцы прэзідэнта ад крызісу не засталося
і следу, а апошні сусветны эканамічны катаклізм казахі практычна не адчулі. Эфектыўныя меры кіраўніцтва краіны, наадварот, дазволілі не проста паспяхова змагацца з негатыўнай з’явай, а
пачаць мадэрнізацыю дзяржавы — распрацаваць дэталёвы план фарсіраванай індустрыялізацыі. І, натуральна, за гэтыя маштабныя пераўтварэнні ў рэспубліцы кожны жыхар краіны дзякуе свайго
лідара». Адсюль пытанне — калі крызісу ў нас нават не адчуваецца, нашто рэферэндум, які праводзіцца менавіта для таго, каб пераадолець яго наступствы?
— Наколькі праект рэферэндуму адпавядае Канстытуцыі краіны?
— У грамадстве зараз ідзе юрыдычная бойка. Лаяльныя правазнаўцы даказваюць, што рэферэндум цалкам адпавядае духу канстытуцыі. Ні ў канстытуцыі, ні ў законе пра рэферэндум і ні ў якіх-небудзь
іншых законах няма забароны на тое, каб вынесці пытанне пра падаўжэнне паўнамоцтваў прэзідэнта на рэферэндум. Незалежная прававая ацэнка сыходзіць з тэзісу пра тое, што, паводле канстытуцыі, правы і
свабоды чалавека належаць кожнаму ад нараджэння і прызнаюцца абсалютнымі і неадчужальнымі. Нельга шляхам прыняцця паправак фактычна пазбавіць грамадзян права абірацца і быць абранымі. Незалежна ад
таго, якая колькасць людзей жадае рэферэндуму. Варта дадаць, што, паводле Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека пры АБСЕ, гэта супярэчыць міжнароднаму праву, якое прызнае
Казахстан.
— Чаму Назарбаеў насамрэч даў дабро на рэферэндум?
— Становішча ў Казахстане імкліва пагаршаецца, і Назарбаеў гэтага не можа не адчуваць. Кошты на прадукты, на камунальныя паслугі рэзка ўзляцелі, павялічыліся ў разы — а нават
апошнія рэвалюцыі ў Кіргізіі, у Тунісе, беспарадкі ў Еўропе і на Блізкім Усходзе паходзяць з-за сацыяльна-эканамічных праблем. Да таго ж відавочныя правалы і ў іншых сферах. Сёлета тры гарады
Казахстана замярзалі пры 30-градусным марозе — паляцелі сістэмы ацяплення, якія працуюць з савецкіх часоў. Адначасова амаль у дзясятку гарадоў адбыліся прарывы водаправодаў. Гэта значыць,
разбураецца сама сістэма. Краіна запускае толькі нафтаправоды, забыўшыся пра ўсё іншае. Праграма «100 школ — 100 шпіталяў» правалілася, праграма развіцця
«сіліконавай даліны» ў Казахстане правалілася, праваліліся запускі шэрагу прадпрыемстваў. Найбагацейшая краіна фактычна жыве на крэдытах, нічога пры гэтым не вырабляючы. Адзін з
апошніх крэдытаў быў атрыманы ад Кітая пад зямельныя гарантыі. Іншымі словамі, зорны час Назарбаева як эфектыўнага кіраўніка даўно мінуў, затое на змену прыйшлі правалы ў знешняй і ўнутранай
палітыцы, сталыя скандалы сярод сяброў «сям’і». Зразумела, што пры такім раскладзе Назарбаеў разумее, што свой электарат ён згубіў. Да таго ж новая рэвалюцыя ў Кіргізіі і
выхад апазіцыі ў Мінску, думаецца, таксама сталі фактарамі. Вось чаму Назарбаеву трэба ўтрымацца любым коштам і не дапускаць палітычных эскалацый, якія цалкам верагодныя ў выбарчы перыяд.
— Збор подпісаў за рэферэндум — прымус, ці людзі ўсё ж гэту ідэю падтрымліваюць?
— Пра якую падтрымку можа ісці гаворка? Мяркуйце, ці рэальна за пяць дзён сабраць 5 мільёнаў подпісаў пры ўмове, каб да кожнага чалавека да хаты прыйшоў агітатар, доўга пераконваў і
агітаваў. Акрамя таго, па закону, збіраць подпісы могуць толькі сябры ініцыятыўнай групы, якая складаецца з 460 чалавек. Яны фізічна не могуць прайсці столькі кватэр. Усё было як звычайна —
у школы, у інстытуты, ва ўсе дзяржустановы, на вытворчасці, нават прыватныя кампаніі прыйшлі разнарадкі — сабраць подпісы, а інакш самі ведаеце, што будзе. І гэта не галаслоўныя
абвінавачванні — пяцёра маіх знаёмых (хтосьці працуе, у кагосьці дзеці ў школе вучацца) так ці інакш вымусілі аддаць свае подпісы. Прамых пагроз, вядома, таксама няма, але ўсё выдатна
разумеюць, што рэакцыя непазбежная.
— Нашто Назарбаеву былі такія цяжкасці: 6 студзеня ён наклаў на Закон пра рэферэндум вета, а парламент зноў сабраўся і абсалютнай большасцю пераадолеў вета прэзідэнта?
— А гэта ў нас старыя і традыцыйныя гульні. Парламентарыі-рэтраграды і народ, які любіць уладу, прапануюць ініцыятыву. Захад незадаволена моршчыцца, і ўслед за гэтым моршчыцца Назарбаеў
— мне, маўляў, таксама непрыемна, але што я магу зрабіць. І высвятляецца, што нічога прэзідэнт зрабіць не можа: парламентарыі заўсёды знаходзяць заканадаўчы ход, каб пайсці супраць волі
прэзідэнта. Так было, калі Назарбаеву давалі тытул «лідар нацыі», так было з некаторымі драконаўскімі законапраектамі. Але затое сам Назарбаеў заставаўся заўсёды ў белым.
— Якая рэакцыя на апошнія падзеі з боку Расіі і Захаду?
— Расіі абсалютна ўсё роўна, што тут робіць Назарбаеў. Да таго ж ён паказаў Расіі, што пакуль ён пры ўладзе, нацыяналістычную карту разыграваць не дазволіць (прынамсі без яго санкцыі). Ва
ўсім іншым Расіі ён цалкам падыходзіць. У Захаду ж свае гульні. Захад кожны раз выяўляе сваю незадаволенасць, але пры гэтым працягвае верыць у тое, што Назарбаеў не пры чым, ва ўсім вінаваты
парламент, сілавыя структуры, урэшце, народ, які патрабуе аўтарытарную ўладу. Ды і наогул, што разумець пад Захадам: незадаволенасць выяўляе хіба што ЗША, ну і, можа, быць Нарвегія. А Італія,
Францыя, Германія праяўляюць толькі сваё захапленне поспехамі Казахстана і яго лідара. Як правіла, пасля такія дыфірамбы падмацоўваюцца новымі кантрактамі.
— Што кажа просты народ на прыпынках і ў курылках? Якія сцэнары развіцця краіны на бліжэйшыя гады?
— «Народ безмолвствует». Хіба што знаходзіць аддушыну ў інтэрнэце. Шмат каментараў на падзеі ў Тунісе, асабліва на тое, як туніскі народ распраўляецца з сябрамі
прэзідэнцкай сям’і. Ну а сцэнары… Недзе ўвесну пройдзе рэферэндум, аднак наўрад ці нехта з простых казахаў ставіцца да яго сур’ёзна. Усё жывуць сённяшнім днём, хто можа
— той вывозіць грошы з Казахстана, ці прынамсі вывозіць дзяцей на навучанне за мяжу. І ў першую чаргу, службоўцы, якія ўвесь час б’юць сябе ў грудзі і кажуць пра любоў да радзімы.
Думаю, гэта лепшы паказчык таго, што пацукі ўжо пакідаюць карабель.