Наша будучыня — экалагічная дыктатура?
Чым бліжэй насоўваецца кліматычная катастрофа, тым больш сумневаў у тым, што дэмакратыя выратуе планету, і больш заклікаў да ўвядзення «зялёнай дыктатуры».
Ад 7 да 50 гадоў. У такім дыяпазоне навукоўцы вымяраюць час, што застаўся чалавецтву да «кропкі незвароту». Пасля гэтага цывілізацыю, калі ім верыць, ужо немагчыма будзе выратаваць ад кліматычнага катаклізму.
Нельга сказаць, што грамадству па барабане падобныя трывожныя прагнозы. Паводле вынікаў нядаўніх апытанняў, якія былі праведзеныя ў васьмі краінах (Аўстралія, Бразілія, Кітай, Германія, Індыя, Паўднёвая Афрыка, Вялікабрытанія і ЗША), 84% рэспандэнтаў лічаць самай вялікай пагрозай чалавецтву кліматычныя змены. А гэта значыць, што для кожнага восьмага з дзесяці апытаных праблема змены ўмоў надвор'я стаіць вышэй за небяспеку ад сусветных войнаў, голаду, эпідэмій і крытычнага росту насельніцтва.
Палітыкі таксама быццам бы разумеюць маштаб праблемы. Прыкладам таму — нядаўні кліматычны саміт у Глазга, на якім сусветны палітыкум упершыню абмеркаваў планетарную каардынацыю дзеянняў у барацьбе з глабальным пацяпленнем.
Парадаксальна, аднак згаданае мерапрыемства не супакоіла публіку, а наадварот справакавала новы выбух кліматычнага алармізму. Вельмі сціплыя вынікі сустрэчы ў Глазга засведчылі, на думку шмат каго, негатоўнасць сусветнай эліты да радыкальных крокаў. Іх сутнасць, напэўна, разумее нават непісьменны чалавек: перагляд мадэлі індывідуальнага спажывання, асабліва ў краінах так званага «залатога мільярду».
Апартунізм палітыкаў дэмакратычных краін спрыяе папулярызацыі альтэрнатыўных планаў выратавання Зямлі. Шэраг вучоных і эколагаў усё часцей кажуць, што аўтарытарныя рэжымы працуюць лепш за дэмакратычныя па экалагічных пытаннях. Маўляў, заходнім урадам трэба больш быць падобным да Кітаю з яго ўражвальнымі дасягненнямі ў галіне распрацоўкі доўгатэрміновай палітыкі, часткай якой з’яўляюцца інвестыцыі ў аднаўляльныя крыніцы энергіі.
Іх не бянтэжыць той факт, што з 25 краін з лепшымі экалагічнымі паказнікамі ў свеце 21 з'яўляюцца дэмакратычнымі. Адначасова з 25 краін з самай кепскай экалогіяй 20 адносяцца да аўтакратый.
Некаторыя, напрыклад, навуковец Джэймс Лаўлак, ідуць яшчэ далей. На яго думку, «можа спатрэбіцца часова “прыпыніць” дэмакратыю, каб справіцца з глабальнай экалагічнай катастрофай».
Адным словам, фіксуецца нарастаючы скептыцызм вядомых грамадскіх дзеячаў у дачыненні да здольнасці дэмакратыі змагацца за клімат. Ці сапраўды на нейкім этапе экалагічная пагроза можа прымусіць Захад адмовіцца ад інстытутаў дэмакратыі? А ўся ўлада, адпаведна, будзе сканцэнтраваная ў руках невялікай групы асоб пад нейкай арыгінальнай назвай: «экалагічная хунта» або «ГКЧП па выратаванні клімату»?
Пакуль далей за тыя назвы справа не ідзе. Ніхто не ведае, як можа ў комплексе працаваць мадэль такой дыктатуры. Як будуць размяркоўвацца рэсурсы? Як будуць працаваць рэпрэсіўныя органы (абавязковы элемент аўтакратыі)? Ці дапусціць «зялёны дыктатар» крытыку?
У прэсе выказваюць здагадку, што адсутнасць канкрэтыкі ў тым ліку абумоўленая дэфіцытам адпаведнай фантастыкі. У кіно і літаратуры хапае твораў пра нейкія арганізаваныя па аўтарытарным прынцыпе калектывы людзей, якія вымушаны выжываць ва ўмовах прыроднай катастрофы. Тут, натуральна, на памяць адразу прыходзіць славутая кінасага пра прыгоды Вар’ята Макса. Аднак гэты твор, хутчэй, можна аднесці да жанру постапакаліптыкі — жанр фантастыкі і фільмаў-катастроф, у якім дзеянне развіваецца ў свеце, што перажыў глабальную катастрофу. А задача экадыктатуры якраз у тым, каб не дапусціць падобнага драматычнага сцэнара.
Самі адэпты «зялёнага аўтарытарызму» клянуцца, што іх дыктатура будзе белая і пухнатая. «Гэта будзе сістэма, дзе дэмакратычная воля будзе заменена палітыкай, якая кіруецца навукай і экалагічнай неабходнасцю», — піша адзін з эколагаў.
Пакуль у гэта паверыць цяжка. Сучасныя ўрады дзейнічаюць паводле прымаўкі «пакуль певень не клюне». Таму першыя адзнакі набліжэння кліматычнага калапсу могуць выклікаць стыхійную цэнтралізацыю прыняцця рашэнняў, прычым жорсткага імператыўнага характару. Гаворка ідзе пра абмежаванне спажывецкіх апетытаў грамадзян.
Футуролагі лічаць, што вельмі рэзкая ломка паўсядзённых стандартаў стоадсоткава справакуе негатыўную рэакцыю аматараў шопінгу аж да сур’ёзнага грамадзянскага канфлікту. Адным словам, навязаць экалагічную дыктатуру будзе няпроста.
Яшчэ менш шанцаў у падобнай дыктатуры будзе праз 15-20 гадоў, калі, паводле футуролагаў, дзяржаўнасці і нацыянальныя ідэнтычнасці будуць зусім іншымі. Праз новыя лічбавыя тэхналогія грамадзянін «юрыдычным целам» будзе жыць у лічбавым воблаку, а «фізічным» — у любой дзяржаве. Узнікне постпатрыятычная, постнацыянальная дзяржаўнасць «па разліку», а не па крыві. Урады стануць, хутчэй, сукупнасцю сэрвісаў. Адпаведна, такія катэгорыі, як «правадыры» і іх «падданыя» пакінуць гістарычную сцэну. Як уводзіць дыктатуру, у тым ліку экалагічную, у такіх умовах, вядома толькі Алаху.
Таму, думаецца, што, калі чалавецтва і выратуецца ад кліматычнай катастрофы, то наўрад ці ў парадыгме аўтарытарных методык.