Мітрапаліт Іларыён ухваліў пазбаўленне грамадзянства тых, хто «накіроўвае сілы на падрыў краіны»
Кіраўнік аддзела замежных сувязяў РПЦ мітрапаліт Іларыён ухваліў ідэю пазбаўляць грамадзянства расіян, "якія працуюць супраць Расіі" з-за мяжы, паведамляе SOTA.
«Я думаю, што гэта тая мера, якая, на жаль, наспела, таму што грамадзянства можна страціць у тым выпадку, калі чалавек накіроўвае свае сілы на падрыў сваёй краіны. Можа цалкам паўстаць такая сітуацыя, калі чалавек, які знаходзіцца за межамі Расіі і працуе супраць Расіі на нейкіх кірунках, захоча вярнуцца, і ён будзе разумець, што яму тут пагражае турэмнае зняволенне — а ён усё роўна вернецца, скарыстаўшыся сваім правам грамадзяніна Расіі на свабоднае наведванне Расіі і на перамяшчэнне ўнутры Расіі», — заявіў кіраўнік аддзела замежных сувязяў РПЦ. (Цытата па РІА «Новости».)
Нагадаем, што ў канцы года Пуцін унёс законапраект, згодна з якім пазбаўляць грамадзянства прапануецца за шэраг злачынстваў, але толькі асоб, якія атрымалі яго не па праве нараджэння.
Зрэшты, падобная ідэя пра пазбаўленне грамадзянства ў беларускіх уладаў узнікла яшчэ раней. 17 снежня 2021 года на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале быў апублікаваны абноўлены закон "Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь". Дакумент уступае ў сілу праз 6 месяцаў пасля афіцыйнага апублікавання. Асноўная навацыя дакумента — магчымасць страты грамадзянства асобамі, якія прызнаныя вінаватымі ў экстрэмісцкай дзейнасці або прычыненні імі цяжкай шкоды інтарэсам Беларусі.